Барыс Гарэцкі: Улада працягвае рэпрэсіі



Незалежныя журналісты масава пакінулі Беларусь пасля 2020 года. Да такой сітуацыі прывялі рэпрэсіі супраць асобных журналістаў і цэлых рэдакцый. Цяпер галоўная задача за мяжой – заставацца ў беларускай павестцы дня.

„Госць Рацыі” намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

РР: 33 журналісты сустракаліся новы год за кратамі. Якія спадзяванні на 2023 год?

– Ніякіх пазітыўных адчуванняў на жаль няма. Відавочна, што ўлада працягвае рэпрэсіі супраць медыйшчыкаў. Здавалася б, што асноўныя медыі пасля разгрому 2021 году выехалі з Беларусі, але колькасць ператрусаў, колькасць рэпрэсій не нашмат меншая, чым у 2021 годзе. Улады, нягледзячы на выезд асноўных рэдакцый на хвалі рэпрэсій, працягваюць рэпрэсіі, працягваюць прыходзіць да тых, хто калісьці супрацоўнічаў з медыя, напрыклад, як Яўген Меркіс ці Ларыса Шчыракова, павялічвалі лічбу нашых калег за кратамі. Улада змагаецца з інфармацыяй, тут нічога новага для дыктатарскіх рэжымаў няма. Адзінае, на што мы можам спадзявацца, гэта выхад некаторых калег, якія проста адседзяць цалкам свой тэрмін у будучым годзе. Тыя прысуды, якія выносяцца цяпер, гэта проста касмічныя тэрміны, прысуд 14-15, а нават 6 ці 8 – гэта неверагодны прысуд для журналіста. Калі тут за мяжой кажаш, што журналіст атрымаў 8 гадоў, то гэта выглядае абсалютна дзіка. Такога не можа быць у ніякіх еўрапейскіх краінах, а ў Беларусі на жаль у 2022 годзе гэта стала такой рэальнасцю, калі суды штампуюць гэтыя крымінальныя прысуды. Вельмі сумная сітуацыя складваецца ў тых, хто ўжо адбывае турэмны прысуд. Калі ты сядзіш у следчым ізалятары, то ў цябе абмежаваная перапіска, далёка не ўсе лісты даходзяць. У месцах адбыцця пакарання проста „жэсць”, улады адмыслова робяць такія канцэнтрацыйныя лагеры з такіх папраўчых устаноў, калі людзі апынаюцца адарванымі ад грамадства, бо бывае па месяцу невядома, што з чалавекам адбываецца. Адваката не пускаюць, чалавек сядзіць у штрафным ізалятары, яго туды саджаюць бясконца. Здароўе вельмі моцна церпіць, калі ты сядзіш у гэтых жахлівых умовах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя