Батумі: Акцыя „500 дзён палону абаронцаў Азоўсталі“ (абноўлена)

Штодня на Плошчы Еўропы ў грузінскім Батумі адбываецца акцыя ў падтрымку Украіны. 20 верасня 2023 году адбылася адна з самых вялікіх акцыяў за апошні месяц. Больш за паўсотню чалавек прыйшло ў грузінскім Батумі на Плошчу Еўропы каб прыняць удзел у акцыі «500 дзён палону абаронцаў Азоўсталі».
Актывісты трымалі плакаты і ўкраінскія сцягі, а таксама здымкі з абаронцамі «Азоўсталі». Пра акцыю расказаў прадстаўнік украінскай дыяспары ў Батумі Аляксей Севярыненка:
— Абаронцы Азоўсталі ўратавалі нас, бо дзякуючы ім, украінскія вайскоўцы атрымалі дарагі час у тактычным сэнсе. Каб перагрупавацца, атрымаць дадатковую зброю з Захаду. Марыупаль часова захоплены Расеяй, але як бы не выстаялі нашыя героі ў падзямеллях Азоўсталі, як бы не застыгнуў Марыупаль нібы костка ў горле агрэсара, то ён бы пайшоў далей. Яны нас уратавалі, а цяпер мы мусім зрабіць усё, каб уратаваць іх.
Паводле словаў грузінскага палітыка Гено Тэбідзе грузіны таксама стаяць поруч з украінцамі на такіх акцыях:
— Другі год сваю агрэсію Расея не перапыняе. Мы ўважаем, што гэта наш абавязак, гэта не толькі вайна ўкраінцаў. Гэта вайна і грузінаў, і беларусаў — чыя краіна акупаваная Расеяй. І мы ведаем, што такі лёс можа чакаць і Грузію. Мы ведаем, што калі не спыніць іх, то яны дойдуць і да Польшчы.
Апроч украінцаў і грузінаў у акцыі прынялі ўдзел і беларускія актывісты, якія праз палітычны пераслед пакінулі Радзіму:
— Мы павінныя стаяць разам з Украінцамі, бо Марыупаль, можна сказаць фартэцыя ўсёй заходняй Еўропы, бо калі арда прарвецца далей, нам не застанецца нічога ўжо.
— У нас вельмі мала шанцаў чагосьці дамагчыся ў сваіх справах, калі не пераможа Украіна. А калі пераможа, няма гарантыяў, што мы аўтаматычна пераможам, але гэта, прынамсі, шанец, што будзе не да нас расейскаму боку. Хацелася б, каб не так было, але на жаль, у сябе на радзіме мы не можам так стаяць. Гэта не так трэба, а так выходзіць.
— Так далёка ад радзімы мы стаім побач з украінцамі. Так трэба заўжды рабіць.
Імпрэза сабрала больш за паўсотні актывістаў, сярод якіх былі як беларусы, так і ўкраінцы, якія з’ехалі ад вайны, таксама на акцыі былі і грузінскія палітыкі, прадстаўнікі апазіцыйных партый.
Беларускае Радыё Рацыя






