Батумі: акцыя да Дня правоў чалавека
Паўсотні беларускіх актывістаў сабралася 11 снежня ў цэнтры Батумі, каб згадаць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Сярод прысутных былі людзі, што прайшлі праз затрыманні і арышты, і тыя, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам у Беларусі.

Распавядаюць удзельнікі акцыі:
– У нашай краіне забыліся, што такое элементарныя правы чалавека, таму мы выйшлі з тым, каб нагадаць пра гэтае фундаментальнае права.
– Правы чалавека – гэта тое, чаго рэальна не хапае. Беларусь ніколі не адрознівалася цягай да таго, каб выконваць іх, я маю на ўвазе дзяржаву. Людзі годныя таго, каб атрымліваць усё лепшае, што можа даць дзяржава.І гэта ў першую чаргу выкананне правоў чалавека.
– Дзеля таго, каб мы памяталі дзеля чаго працягваецца нашая барацьба.

На акцыю таксама прыйшла жонка «вясноўца» Валянціна Стэфановіча разам са сваімі дзецьмі, якія трымалі плакат «Вярніце тату»:
– Наш тата Валянцін Стэфановіч – прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ён якраз усё сваё прафесійнае жыццё займаўся абаронай правоў чалавека, абаронай вось такіх звычайных правоў: каб да цябе не маглі прыйсці ў кватэру, уламацца, затрымаць за бел-чырвона-белую вопратку, пабіць проста таму, што апынуўся ў пастарунку. Вось гэта вельмі важна, і таму сёння мы прыйшлі сюды. Каб адзначыць і дзень правоў чалавека, і тое, што ў беларусаў таксама ёсць правы, як ва ўсіх людзей у гэтым свеце.
Батумі стаў адным з некалькіх дзясяткаў гарадоў па ўсім свеце, дзе 10-11 снежня 2021 адбываліся акцыі, прысвечаныя Сусветнаму Дню абароны правоў чалавека.







Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча