Беларус пра валанцёрства ва Украіне



За паўтары гады колькасць беларусаў значна паменела ва Украіне. Пераважна з краіны выехалі жанчыны і дзеці. Засталіся тыя, хто не мае магчымасці змяніць месца жыхарства ці займаецца валанцёрствам, — пра гэта расказаў наш сённяшні Госць Рацыі беларус Юры Дзегцяроў у гутарцы з Алісай Поль:

— На гэты момант я ў Кіеве. Тут прыехаў у валантцёрскіх справах. Калі б чалавек з іншае планеты прыляцеў, то ён бы не зразумеў, што тут ідзе вайна, але „вожыкі“ вайсковыя стаяць паабапал, дужа багата вайсковых, дужа багата людзей у нейкім спецыяльным адзенні — але яны не выклікаюць трывогі, наадварот, больш спакойна сябе адчуваеш. Усе размовы ідуць пра Адэсу — там вялікая колькасць расейскіх атакаў, і знішчэнне гістарычных каштоўнасцяў і, на жаль, людзей. Была ў нас сустрэча ў беларуска-ўкраінскім хабе на тэму беларускага адраджэння нацыянальнае самасвядомасці ў будучнасці. Была Аліна Коўшык — прадстаўніца пераходнага кабінету. А таксама журналісты беларускія і ўкраінскія, была дужа цікавая размова, я сустрэўся з ваярамі палка Каліноўскага. Я ўжо прывык, што заўсёды працуем, штось робім, а для мяне гэтая паездка была як духоўны адпачынак, бо ўсё ж такі ў дарозе. Дамовіліся з беларуска-ўкраінскім хабам, яны плануюць місію ў Херсон, каб прачысціць калодзежы, бо пасля затаплення ў людзей амаль няма пітное вады.

РР: На вашую думку, ці зменшылася колькасць беларусаў за 1,5 гады вайны? Як агулам выглядаюць справы ў беларусаў цяпер?

— Так, беларусаў значна менш, пагатоў, жанчын, дзяцей. Калі мы раней збіраліся на майдане ў Кіеве, нас было дужа багата. А цяпер гэтага няма. Беларусы раскіданыя па ўсёй краіне. Учора сустрэўся з дзяўчынаю, што ў Херсоне — нашая валанцёрка Кіра. У Адэсе дужа багата беларусаў, у Львове. Тыя беларусы, што засталіся, хай іх не надта багата, усе яны збольшага актыўныя — хтось валанцёрыць, хтось служыць у УСУ, хтось машыны пастаўляе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Беларус Юры Дзегцяроў дадаў, што калі ёсць ахвочыя прыязджаць ва Украіну і дапамагаць ёй, то можна асабіста звязацца з ім праз сацыяльныя сеткі.

Беларускае Радыё Рацыя