Беларусам Батумі паказалі фільм «Догма» па-беларуску
У многафункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак», што знаходзіцца ў цэнтры грузінскага Батумі, адбыўся прэм’ерны паказ фільму «Догма» у беларускай агучцы.
На сустрэчу, каб паглядзець і абмеркаваць фільм, прыйшло некалькі дзесяткаў беларусаў, якія вымушана пакінулі Радзіму.

Арганізатар прагляду Міхаіл вельмі задаволены паказам:
– Галоўнае – паказаць і расказаць людзям, што такое тут адбываецца ў Батумі. Я лічу, што ў мяне ўсё атрымалася, адзінае за што я хваляваўся, што будзе занадта шмат жадаючых, але прыйшла такая колькасць, памяшканне якую змагло прыняць.

Па словах тых, хто пабываў на фільме, яны былі вельмі радыя паўдзельнічаць у падобным мерапрыемстве:
– Атмасфера, якая тут была сяброўская, спакойная з пледамі, з падушкамі. Вельмі прыемна пасля працоўнага тыдня прыйсці і прыемна правесці некалькі гадзін.
– Кіно ўжо не новае, але ў гэтай агучцы глядзелі ўпершыню.
Перад праглядам фільма да прысутных звярнуліся людзі, якія агучвалі яго на беларускую мову і перадалі прывітанне беларусам Батумі, а пасля прагляду адбылося амаль паўгадзіннае абмеркаванне.
Беларускае Радыё Рацыя