„Беларуская мова – наша родная мова, трэба яе ведаць”
Штогод 21 лютага адзначаецца, як Міжнародны дзень роднай мовы. Ён усталяваны па ініцыятыве ЮНЭСКА для захавання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама для спрыяння ўсведамлення моўных і культурных традыцый.
Афіцыйна ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і відавочна, што сённяшні палітычны рэжым спрыяе развіццю і падтрымцы расейскай. З нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Пінска, ці карыстаюцца яны ў паўсядзённым жыцці беларускай мовай:
-Змешаная мова. Калісьці ў школе вучылі.
-Фактычна не. Чытаць чытаю, а размаўляю з цяжкасцю.
-Па роду працы больш на рускай мове. Я – за беларускую мову.
–Як атрымліваецца. Калі – руская, а калі – беларуская.
-Адно слова такое, другое – такое. Але люблю беларускую мову.
-Каб усе размаўлялі, то і я б з задавальненнем размаўляў.
-Я чытаю на рускай і беларускай мовах.
–Беларуская мова – гэта наша родная мова. Трэба яе ведаць, хаця б трошкі.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, 54% жыхароў краіны назвалі роднай мовай беларускую. Лічыцца, што на сённяшні дзень носьбітамі беларускай мовы з’яўляецца звыш 7 мільёнаў чалавек у свеце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rodniva.by
