Вертыкальшчыкам Беларусі загадана падтрымліваць вайну Пуціна



Раённым вертыкальшчыкам Беларусі паступіў загад правесці тэматычныя сустрэчы ў працоўных калектывах сваіх раёнаў. Тэмай гэтых сустрэч з’яўляецца абмеркаванне падзей, “звязаных са спецыяльнай ваеннай аперацыяй па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны”.

Цяпер кіраўнікі райвыканкамаў, іх намеснікі і ідыёлагі штодзённа праводзяць сустрэчы ў калектывах Беларусі і “тлумачаць” падзеі ва Украіне. А тлумачаць яны іх так, як казаў Пуцін: “ваенная аперацыя праводзіцца дзеля абароны людзей ад кіеўскага рэжыму”.  

Вертыкальшчыкі лгуць, што беларусы не ўдзельнічаюць у “гэтай спецаперацыі”. А вось, што ляцяць ракеты з Беларусі на тэрыторыю Украіны – яны не прыгадваюць. За тое райвыканкамаўскія вертыкальшчыкі актыўна прапагандуюць тое, што “супраць нас вядзецца інфармацыйная вайна”.

Падчас сустрэч людзі задаюць шмат пытанняў, звязаных з нападам Расеі на Украіну, на многія з гэтых  пытанняў вертыкальшчыкі так і не могуць праўдзіва адказаць. Пасля такіх сустрэч, рэдактары раённых газет Беларусі інфармуюць на першых старонках сваіх выданняў пра падобныя выказванні мясцовага начальства на карысць Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя