Беларусы Батумі дапамагаюць «Тэрору»
Беларусы, што жывуць у грузінскім Батумі, арганізавалі збор сваім суайчыннікам, хто ваюе за Украіну ў складзе батальёна «Тэрор».

На што ажыццяўляецца збор у дадзены момант у Батумі распавядае валанцёрка Святлана:
– Мы дапамагаем на гэты момант батальёну „Тэрор” з цёплым адзеннем. Мы ўжо адправілі софтшэлы, шапкі бафы, брэндзіравалі іх тут. Збіраем грошы. Купляем у Турэччыне. Нават купляем у Польшчы праз нашых сяброў валанцёраў. Зараз мы замовілі медыцыну і цёплыя штаны для хлопцаў. Як атрымліваецца, так і дапамагаем.
Па словах Святланы, да дапамогі далучаныя розныя людзі, што былі вымушаны пакінуць Беларусь:
– Дапамагаюць самыя розныя людзі. Айцішнікі ў тым ліку. Усе дапамагаюць рознымі сумамі, мне здаецца, што гэта не толькі айцішнікі. А калі казаць пра рэпрэсаваных людзей, то я ведаю шмат гісторый, большасць нашых ваяроў таксама былі рэпрэсаванымі, і зараз стаяць на абароне Украіны, каб вызваліць Беларусь. Таму, канешне, дапамога ім патрэбная. І ім дапамагаюць усе, у каго ёсць магчымасць.
Па неафіцыйным дадзеным зараз у грузінскім Батумі знаходзяцца некалькі тысяч беларусаў, якія пераехалі сюды пасля рэпрэсій на Радзіме у 2020-22 гадах, а таксама айцішнікі, якіх рэлацырвалі сюды ў 2022-м годзе.
Беларускае Радыё Рацыя