Беларусы замежжа ладзяць супольныя прагляды ўручэння Нобелеўскай прэміі міру
Сёлета адным з лаўрэатаў узнагароды стаў праваабаронца Алесь Бяляцкі. Мерапрыемствы пройдуць у Вільні, Варшаве, Празе, Тбілісі ды Лондане.
-

Фота: archivioradiovaticana.va
Да гэтых гарадоў яшчэ дадаліся Гданьск, Берлін ды іншыя, паведаміла ў нашым эфіры з Вільні Людвіка Кардзіс, якая сярод арганізатараў мерапрыемстваў.
РР: Чаму гэта так важна для беларусаў?
Людвіка Кардзіс: Гэта прэмія вельмі важная для ўсіх беларусаў, для Беларусі. Яна сведчыць, што свет памятае пра нас, пра нашыя праблемы. І дзеля гэтага якраз мы з сябрамі і аднадумцамі сабраліся і вырашылі, што трэба зладзіць сумесныя прагляды па ўсім свеце. І вельмі радыя, што беларусы з розных краін адгукнуліся на нашую ініцыятыву і падтрымалі яе. У гэты час мы будзем усе разам. І гэта вельмі важна для салідарнасці нашага грмадства, для падтрымкі нашых палітвязняў.
РР: Тэхнічна як гэта будзе ўсё арганізавана, ці сутыкнуліся вы з праблемамі ў арганізацыі праглядаў? Бо вы сказалі выдатную фразу пра тое, што далучыліся беларусы з розных куткоў. Можа далучыліся новыя гарады?
Людвіка Кардзіс: Берлін далучыўся, Гданьск. Хутчэй за ўсё, што гэты спіс пашырыўся. Але ўсё атрымоўвалася вельмі лёгка. І ніякіх перашкодаў не было. Трэба было толькі напісаць сябрам, як адразу ўсе далучаліся да гэтага. Усе разумелі важнасць гэтай падзеі. Бо Алесь – чалавек, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля абароны правоў іншых людзей. Гэтая прэмія вельмі важная і вельмі слушная.
РР: Мы раней паведамлялі, што Наталля Пінчук пакінула ў Осла ў Нобелеўскім камітэце ў гасцявой кнізе запіс. Можа вам таксама можна будзе нешта зрабіць на гэтых мерапрыемствах, пакінуць свае ўражанні, зафіксаваць сваё стаўленне да гэтага мерапрыемства?
Людвіка Кардзіс: Спачатку мы паглядзім фільм пра нобелеўскіх лаўрэатаў, які зняло шведскае тэлебачанне. Затым будуць выступы, вольны мікрафон, падпішам паштоўкі палітвязням. І таксама прысутныя пакінуць свае водгукі і пажаданні асабіста для Алеся. Я думаю, для яго гэта будзе вельмі важна, калі ён зможа пасля гэта прачытаць.
У розных краінах арганізаваныя супольныя прагляды ўрачыстай цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, геаграфія багатая.
Цырымонія праходзіць сёння ў Осла ў Міжнародны дзень правоў чалавека.
Афіцыйная анлайн-трансляцыя цырымоніі на YouTube.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя