Берасце за Святлану Ціханоўскую



Пікет з такой назвай анансаваны ў сацыяльных сетках на бліжэйшую суботу, 25 ліпеня, у мясцовым «Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў». Гэтае месца ў мікрараёне «Усход», што на ўскрайку горада, лічыцца дазволеным для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Дадзеную інфармацыю пацвердзіў Уладзімір Мароз, які з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай:

– Тыя людзі, з якімі я маю зносіны, яе падтрымліваюць, і няма вакол мяне такіх людзей, якія б яе не падтрымлівалі. Мы яшчэ спадзяёмся, што ёй ніхто не перашкодзіць, і яна наведае горад-герой Берасце. Канешне, мы яе чакаем.

Вядома таксама што самой Святланы Ціханоўскай у суботу ў Берасці не будзе, бо на гэты дзень у яе запланавана паездка ў Бабруйск, Магілёў і Воршу на ўсходзе Беларусі. Берасцейскае мерапрыемства ж плануецца без удзелу кандыдата і пачнецца а 17:00, але, як паведаміў Уладзімір Мароз, да дня галасавання спадзяюцца на ейны прыезд у горад над Бугам.

Святлана Ціханоўская – жонка блогера Сяргея Ціханоўскага, стваральніка YouTube-канала «Страна для жизни» і крытыка дзейснай улады займела папулярнасць пасля таго як ейнага мужа арыштавалі. Акрамя таго, пасля нерэгістрацыі кандыдатамі ў Прэзідэнты банкіра Віктара Бабарыкі і дыпламата Валера Цапкалы, іхнія штабы аб’ядналіся вакол кандыдатуры Ціханоўскай. Частка прыхільнікаў байкоту выбараў крытыкуюць гэтую каманду, угледзеўшы ў ейных дзеяннях авантуру «Газпрама», легітымізацыю выбараў ды іншае.

Беларускае Радыё Рацыя