Больш за 300 дзён за кратамі палітвязень Рыгор Васількоў



Звыш 300 дзён за кратамі ўжо знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Рыгор Васількоў. Яму былі прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Жыхар Берасця Рыгор Васількоў з лістапада 2020 года па сакавік 2022 года жыў ва Украіне, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Па вяртанню на яго адразу ж завялі крымінальную палітычна матываваную справу, а менавіта за ўдзел у акцыі пратэсту ў Берасці 13 верасня 2020 года ці так званая „справа карагодаў”.

Падчас судовага пасяджэння палітвязень тлумачыў, што ў лістападзе 2020 з’ехаў ва Украіну, паколькі дома не мог знайсці працу паводле спецыяльнасці, а таксама трэба было разабрацца з дакументамі бабулі. У Беларусь прыехаў праз хваробу маці. Абставіны суд не ўлічыў і прысудзіў 1 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Таксама ў сакавіку бягучага года Рыгор Васількоў быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. На дадзены момант яго месцазнаходжанне праваабаронцам невядомае.

Беларускае Радыё Рацыя