Будаваў беларускі музей у Гайнаўцы



15 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадскага дзеяча Гайнаўкі Канстанціна Майсені (1923-2006).

Родам Канстанцін Майсеня быў з Нясвіжчыны. Пасля вайны прыехаў у Польшчу, працаваў на розных работах. Вучыўся ў Вышэйшай гандлёвай школе ў Познані. У 1954 годзе быў прызначаны на пасаду кіраўніка эканамічнага тэхнікума ў Бельску Падляскім. У 1958—1959 гадах з’яўляўся дырэктарам будаўнічага прадпрыемства ў Бельску Падляскім. З 1960 года быў кіраўніком Павятовага ўпраўлення гмінных кааператываў у Гайнаўцы.

У 1960-х гадах 78станцін Майсеня пабудаваў на тэрыторыі Гайнаўскага павета больш за 100 вясковых крам. Пэўны час выконваў абавязкі раднага Нацыянальнай павятовай рады. За заслугі ў развіцці вёсак на Гайнаўшчыне быў узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна адраджэння Польшчы.

У выніку данясенняў у 1968 годзе быў выключаны з Польскай аб’яднанай партыі за беларускі патрыятызм. У 1970-х гадах выступіў з прапановай пабудовы беларускага музея ў Гайнаўцы, а пазней кіраваў працай Грамадскага камітэта пабудовы музея. Потым выконваў функцыі дырэктара будаўнічай фірмы «Las», працаваў на іншых пасадах. Быў сакратаром Беларускага грамадска-культурнага таварыства, а пасля намеснікам старшыні.

Канстанцін Майсеня памёр у 2006 годзе ў Гайнаўцы, дзе і пахаваны. У 2008 годзе ў Музеі асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы ў яго памяць адкрыта мемарыяльная шыльда.

Беларускае Радыё Рацыя