Былога супрацоўніка КДБ Іллю Трубіна асудзілі на 16 гадоў зняволення
Былога супрацоўніка КДБ, жыхара Барысава Іллю Трубіна асудзілі на 16 гадоў зняволення, паведамляе Вясна.

Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Дзмітрый Крывела.
Паводле звестак следства, 34-гадовы жыхар Барысава ўчыніў падпалы двух парталаў сістэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТолл» у Барысаўскім раёне. Пра затрыманне Трубіна стала вядома ў жніўні 2021 года. 20 чэрвеня КДБ унёс Трубіна ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У снежні 2020-га і студзені 2021-га ён падпаліў два парталы сістэмы збору платы за праезд па дарогах у Барысаўскім раёне. Шкода была ацэнена на суму больш за 450 тысяч рублёў.
Вядома, што Трубін выкарыстоўваў канспірацыю: дзейнічаў уначы, ездзіў на чужым транспарце, маршрут выбіраў па-за буйнымі аўтадарогамі і не ў полі зроку відэакамер.
Пра свае ўчынкі ён распавядаў знаёмым і казаў, што імкнуўся такім чынам прычыніць шкоду дзяржаве.
Ілля Трубін знаходзіцца ў следчай турме ў Жодзіне. Вядома, што ў яго двое дзяцей.