105-ыя ўгодкі з дня нараджэння Язэпа Сажыча



Вайсковаму і грамадскаму дзеячу на эміграцыі Язэпу Сажычу (1917-2007) 5 верасня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння.

Язэп Сажыч быў родам з вёскі Гарадзечна, якая знаходзіцца на Наваградчыне. Вучыўся ў польскай пачатковай школе, Наваградскай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця ў 1934 годзе, працягнуў навучанне ў польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Быў мабілізаваны ў польскае войска, скончыў афіцэрскую школу.

Падчас нямецка-польскае вайны, Язэп Сажыч трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк ва Украіну. У 1939—1941 гадах вучыўся ў Львове, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь.

Летам 1942 года беларускага юнака прызначылі камендантам падафіцэрскай школы. У лютым 1943 года ён у Лідзе арганізаваў і ўзначаліў Беларускі батальён чыгуначнай аховы. Ад лета 1944 года жыў на эміграцыі.

Гімназія імя Адама Міцкевіча. Сядзіць крайні справа Язэп Сажыч, 1930-я гады.

Скончыўшы медыцынскі факультэт Марбурскага ўніверсітэта, Язэп Сажыч з жонкай накіраваўся ў ЗША. Хацеў ехаць у Аргенціну ці ў Аўстралію, аднак жонка, у якоў у ЗША жыў дзядзька, настаяла на сваім, і яны паехалі ў ЗША. Калі маладыя заходзілі на карабель, правяральшчык глянуў у пашпарт Язэпа Сажыча і спытаў, хто ён па нацыянальнасці? “Беларус”, — адказаў Язэп. Той здзівіўся: “Дык беларусы сталі вольным народам, вяртайцеся на Радзіму”. Язэп Сажыч не разгубіўся: “А я камуністаў не люблю”. А ён у адказ: “Ты што, фашыст?”. “Не, я – дэмакрат”, — адказаў беларус. Той зарагатаў: “Тады, канечне, праходзь – будзеш у ЗША за нашу дэмакратычную партыю галасаваць…”. І Сажычы паехалі ў ЗША.

Спачатку жылі ў Дэтройце. Там хутка Язэп Сажыч становіцца сябрам БАЗА, актывістам Дэтройцкага аддзела арганізацыі. Ад з 1953 года ён ужо сябра Рады БНР, сакратар у справах ветэранаў.

У 1982 годзе Язэпа Сажыча абіраюць старшынёй рады БНР. Гэту пасаду беларус займаў да 1997 года.

Памёр Язэп Сажыч у 2007 годзе і пахаваны на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку.

Беларускае Радыё Рацыя