Былы палітвязень Леанід Судаленка выехаў з Беларусі



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка выехаў з Беларусі. Пра гэта былы палітвязень паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Сябры, я прыняў цяжкае для сябе рашэнне! На 14-ы дзень пасля вызвалення ўжо знаходжуся ў бяспецы, а значыць, як і раней, змагу быць адкрытым для ўсіх», – напісаў ён.

Пра вызваленне Судаленкі 21 ліпеня паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Сам праваабаронца апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фатаздымак на волі, падпісаны словам «Вызваліўся».

Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 году. У лістападзе таго ж самага году суддзя Сяргей Салоўскі з суду Цэнтральнага раёна Гомеля прыгаварыў Судаленку і яго памочніцу Таццяну Ласіцу (вызваленая 24 верасня 2022 года) адпаведна да 3 і 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судаленку абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і ў «навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні» (ч. 2 арт. 342).

Беларускае Радыё Рацыя