Былы супрацоўнік МУС Уладзімір Жыхар пра палітвязняў
21 мая – Дзень беларускага палітвязня. Гэты дзень вызначаны па прапанове праваабарончага цэнтра «Вясна». У Варшаве праводзяцца розныя мерапрыемствы, у якіх у тым ліку актыўна прымаюць удзел супрацоўнікі арганізацыі бяспекі Baypol.

Гэта самае малое, што для палітвязняў мы можам зрабіць, кажа былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Мозырскага РАУС, цяпер супрацоўнік Baypola Уладзімір Жыгар:
– Падзяляем той боль людзей, якія несправядліва знаходзяцца ў турмах. Мы хочам хоць неяк дапамагчы людзям, хоць нечым. Паказаць, што нам не ўсё роўна, што мы салідарныя з беларусамі, якія незаконна знаходзяцца ў турмах.
РР: Зараз беларускую апазіцыю турбуе галоўнае пытанне: як пачаць вызваляць палітвязняў з турмаў.
Уладзімір Жыгар: У першую чаргу, каб гэта спыніць, – патрэбна салідарнасць усяго народа. СМІ павінны распаўсюджваць інфармацыю пра рэпрэсіі. Усе пра гэта павінны гаварыць. Чалавек, які на віду, нешта кепскае з ім рабіць, гэта праблема для рэжыму. Усё цывілізаванае грамадства ў свеце павінна прыцягваць увагу да гэтай праблемы. І чым больш мы будзем гаварыць пра палітвязняў, тым менш магчымасці ў рэжыма штосьці з гэтымі людзьмі зрабіць. І паралельна з гэтым мы павінны іх вызваляць усімі даступнымі метадамі. Але гэтыя метады павінны адмаўляць гандаль. Гандляваць людзьмі нельга. Час гэтага мінуў. Чалавек, якога вытаргавалі, гэта не значыць, што ён на свабодзе, кожны беларус у Беларусі сёння палітычна зняволены. Проста яго ўмовы ўтрымання адрозніваюцца. Вызваліўшыся з калоніі, за табой зноў назіраюць і кантралююць, і не факт, што дазволяць выехаць з краіны. І ў любы момант чалавека могуць пасадзіць зноў.
Гутарку з былым супрацоўнікам беларускай міліцыі Уладзімірам Жыгарам, які перайшоў у 2020 годзе на бок народа, можна праслухаць у публіцыстычнай перадачы „Мы бачым” сёння 21 мая ў 17.10 па беларускім часе, па польскім на гадзіну раней.
Беларускае Радыё Рацыя