Чарговая аблава на Гомельшчыне — ГУБАЗіК паказаў яшчэ дзесяць затрыманых



На відэа ГУБАЗіКа ўсіх людзей даволі брутальна затрымліваюць, некаторых мужчын кладуць тварам на зямлю, для затрымання няўзброеных людзей сілавікі цалкам экіпіраваныя, паведамляе „Вясна”.

Пад аблаву трапілі жыхары Гомеля, Жлобіна і Рэчыцы. Частку затрыманых вінавацяць у падпісках на незалежныя медыя і іншыя прызнаныя «экстрэмісцкімі» рэсурсы. Дваіх затрыманых вінавацяць яшчэ і ў тым, што яны пакідалі каментары, а адна жанчына на відэа кажа, што дасылала ў тэлеграм-боты інфармацыю пра перасоўванне расейскай вайсковай тэхнікі.

Адну з затрыманых апазнаў «Флагшток» — гэта вядомая гомельская велаактывістка Святлана Кароль. Асобы іншых пакуль невядомыя. Паведамляецца, што супраць некаторых затрыманых завялі крымінальныя справы.