«Часткавая акцыя»



Няма больш бескарыснага лозунгу, чым «Не вайне!» – безаблічнага і безадраснага. Асабліва праз сем месяцаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. На жаль, акцыі ў расейскіх гарадах супраць свежаабвешчанай частковай мабілізацыі з выкрыкваннем гэтага лозунгу не нясуць сапраўднага пратэстнага сэнсу. Спазніліся. Хтосьці сёння-заўтра блісне пяткамі ў бок Фінляндыі, Турцыі, Арменіі ці Грузіі. Хаця ў Грузіі іх наўрад ці сустрэнуць з кветкамі. І з якога такога цуду «не вайне»? Ці даўно захлыналіся ад «Кіеў за тры дні»? Адстойваць сваю свабоду і жаданне жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як гэта зрабілі ўкраінцы ў 2014 годзе, рабам проста не пад сілу.

Рабы скуголяць і просяць іх не адпраўляць на фарш. Яны рады жыць у татальнай хлусні, хадзіць на святы ў царкву, якая дабраслаўляе рабоў нават не на смерць за цара, а на забойства ўкраінцаў. Яны гатовы выстройвацца літарай Z, замест касцюма сняжынкі і зайчыка на Новы год апрануць дзяцей у ваенную форму, а калі цар загадвае пацвердзіць свой патрыятызм, раскупляюць білеты за мяжу. І не – не працягваць барацьбу на эміграцыі, не стаць падобнымі да людзей, а проста пераседзець. А ва Украіне за сваю Радзіму ваююць нават жанчыны. На перадавой, нароўні з мужчынамі.

І, дарэчы, у святле апошніх падзей у Іране, кожная іранская жанчына зараз круцей рускага мужыка.

У Сеціва ўжо трапна назвалі мабілізацыю ў РФ «Новай пахавальнай кампаніяй». Мне б вельмі хацелася верыць, што са ста пратэстоўцаў хаця б адзін будзе супраць вайны ў поўным сэнсе слова. Інакш якая мабілізацыя, такая і акцыя пратэсту. Частковая. Народжаны поўзаць…

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя