Робін Вагенэр: Арышт Дарʼі яшчэ раз паказвае пачварнае аблічча дыктатуры Лукашэнкі
Жонку палітвязня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю ня вызвалілі з-пад варты праз 3 дні пасля затрымання 18 кастрычніка . Цяпер Дар’я ў СІЗА Берасця.

«Дарʼя — змагарка за свабоду, дэмакратыю і справядлівасць. Больш як два гады яна нястомна змагаецца за вызваленне свайго мужа, блогера Ігара Лосіка. За гэтую мужнасць і пачуццё справядлівасці Дарʼя цяпер павінна расплачвацца сваёй свабодай. У Ігара і Дарʼі ёсць маленькая дачка Паўліна, якая разам з татам будзе кожны дзень сумаваць па маці. Арышт Дарʼі яшчэ раз паказвае пачварнае аблічча дыктатуры Лукашэнкі», — зазначыў дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенэр.
Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» .
Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі больш як два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У снежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязня перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зняволення.