Дзе знаходзіцца Дзяніс Івашын?



Родныя палітвязня Дзяніса Івашына не могуць даведацца, дзе ён знаходзіцца. Бацькам палітвязня вярнуліся абедзьве бандэролі, дасланыя на імя гарадзенскага журналіста, паведамляе „Гарадзенская праваабарона”.

Прычыны вяртання на пошце не патлумачылі, а на пакунках указана таямнічая «даведка з ПК №15». На адным з пакункаў з дазволенымі для дасылання вітамінамі ёсць дадатковая пазначка «няслушна аформ. вяртанне», а таксама чамусьці дапісаны індэкс гарадзенскай турмы №1 з літарай Д (дасыл). З гэтай прычыны сваякі Дзяніса мяркуюць, што яго ізноў этапавалі ў Гародню, але яны не маюць ніякіх звестак пра тое, чаму гэта магло стацца.

Ад самога Івашына родныя не атрымлівалі лістоў з 8 лютага, і ён дагэтуль ні разу не патэлефанаваў сваякам з калоніі. Таму на дадзены момант невядома ані месцазнаходжанне палітвязня, ані стан яго здароўя.