Дзяніса Івашына зноў пасадзілі ў карцар

Маці Дзяніса Івашына падчас высвятлення таго, дзе знаходзіцца верхняя вопратка сына даведалася, што журналіста пакаралі за нейкае парушэнне 5 соднямі «карцару». Людміла Мікалаеўна спрабавала дабіцца таго, каб сыну ўрэшце вярнулі паліто, якое з невядомай прычыны забралі ў час аднаго з ператрусаў у камеры. Аднак у размове з начальнікам ПУ «Турма №1» яна пачула, што Дзяніс патрапіў ў адзіночную камеру за нібыта «парушэнне правілаў унутранага распарадку». Пра гэта паведамляе Гарадзенская праваабарона.
Сваякі палітвязня лічаць, што гэтае пакаранне з’яўляецца спробай фізічнага катавання Івашына і помстай за тую інфармацыю, якую ён паведаміў бацькам падчас спаткання пасля абвяшчэння «прысуду».