Этыка нашага часу



Ёсць некалькі непахісных канонаў класічнай журналістыкі, якія вядомыя фактычна ўсім, хто хоць пару гадоў займаецца публіцыстычнай дзейнасцю. Ставіць іх пад сумнеў ці проста пералічаць тут ня мае сэнсу. Але ў асаблівы час гісторыі, у час вайны ці акупацыі, рэальнасць ставіць новыя выклікі. Таму хочацца звярнуць увагу на некаторыя істотныя моманты цяперашняй беларускай журналістыкі, якія асабіста мне падаюцца досыць важнымі. І спыніцца на канкрэтных прыкладах праяваў некарэктнасці ці неразумення, неналежнага адчування часу і сітуацыі.

Ужо амаль тры гады ў Беларусі адбываюцца жорсткія палітычныя рэпрэсіі, а ў так званых судах ідуць карныя працэсы. Маніторынг і апісанне гэтых працэсаў патрабуюць асаблівага падыходу, узважанасці і далікатнасці ў падаванні інфармацыі. Слова журналіста ў наш час можна прыраўняць да скальпеля хірурга. А галоўнае ў медыцыне – якраз не нашкодзіць пацыенту. А ў нашай сітуацыі – не нашкодзіць падсуднаму ці палітвязню. Многія незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, апісваючы крымінальныя працэсы, сярод іншага даюць звесткі пра тое, прызнаў ці не падсудны сваю віну. Каштоўнасць гэтай інфармацыі на выхадзе вартая нулю. А шкоднасць ад яе можа быць істотнай і нават значнай. Бо прызнанне віны па палітычнай матываванай справе ўсё ж нейкім чынам прыніжае чалавека. А паведамляючы пра такі факт, журналіст ня ведае ўсіх акалічнасцяў зняволення падсуднага – палітвязняў часта катуюць у такіх сітуацыях, ціснуць на іх і іх блізкіх псіхалагічна. З іншага боку, інфармацыя пра тое, што палітвязень не прызнаў сваёй віны, можа падштурхнуць тых, хто кіруе карнымі працэсамі і турэмную адміністрацыю да больш жорсткага стаўлення да зняволенага чалавека.

Атрымліваючы важную інфармацыю пра падсудных ці ўжо зняволеных у турмах і калоніях, трэба сто разоў падумаць як яе можна выкарыстаць – што варта падаваць у медыях, а што пакінуць для вузкага кола карыстальнікаў. Найбольш яскравы прыклад тут – трагічная гісторыя з гібеллю Вітольда Ашурка. У час яго зняволення многія медыі бяздумна «расструбілі» інфармацыю пра тое, што ў Шклоўскай калоніі палітвязням сталі нашываць жоўтыя біркі. І што гэтую інфармацыю даслаў менавіта Вітольд. Хутчэй усяго менавіта пасля гэтага Ашурка сталі мэтна катаваць і ўрэшце давялі да знясілення і смерці. Інфармацыя пра жоўтыя біркі была вельмі важнай і яе абавязкова трэба было давесці да ўсіх, але ці так істотна было паведамляць, што яна выйшла менавіта ад канкрэтнага чалавека!? Дастаткова было абмежавацца агульнай і не персаніфікаванай інфармацыяй пра сітуацыю ў канкрэтнай калоніі.

Яшчэ адзін далікатны момант – дэманстрацыя так званых «пакаянных відэа» затрыманых па палітычных адміністрацыйных ці крымінальных справах. Такія відэа здымаюць сілавыя органы з некалькімі мэтамі – па-першае, запалохаць грамадства, па-другое, публічна прынізіць грамадскіх актывістаў, іх годнасць і вартасць у вачах іншых, па-трэцяе, напэўна гэта дае «насілавікам» асаблівую маральную сатысфакцыю. Іншая тэматыка такіх відэа – брутальныя нематываваныя затрыманні людзей, часта гэтыя два віды незаконнай дэманстрацыі спалучаюцца ў адным відэасюжэце. Такія відэа выкладаюцца пачаткова на праўладных рэсурсах, найперш тэлеграм-каналах. А пасля многія незалежныя паблікі тыражуюць гэтыя відэаролікі. Узнікае пытанне – ці патрэбна гэта рабіць увогуле? Некаторыя сцвярджаюць, што такое шырокае апублічванне дапамагае здабыць больш інфармацыі пра затрыманых. Але гэты аргумант непераканаўчы, тым больш, што многія з затрыманых вядомыя і існуюць іншыя крыніцы здабывання патрэбнай інфармацыі.

Тэрміналогія апісання судовых працэсаў і ўтрымання вязняў у пенітэнцыярных установах – асобная размова. Ва ўмовах татальнага разбурэння прававога поля многія азначэнні і тэрміны проста страцілі свой пачатковы сэнс і нават набылі адваротнае значанне.

Не прэтэндуючы на катэгарычнасць і поўную ісціну, спадзяюся, што гэты артыкул не застанецца незаўважаным найперш сярод журналістаў і праваабаронцаў, стане нагодай для здаровай дыскусіі.

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №25, 2023 г.