Галоўны рэдактар „Нашай Нівы” Ягор Марціновіч выйшаў на волю



Ягор Марціновіч напісаў першы допіс пасля вызвалення.

„У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію”, — напісаў Ягор у Фэйсбуку.

„Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас…. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях. …А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала”, — напісаў Ягор Марціновіч.

Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Яму і яго калегу Андрэю Скурко прысудзілі па 2,5 года зняволення. Андрэй Скурко выйшаў на волю 18 жніўня.