Беларуская інтэлігенцыя заступілася за Лену Глагоўскую
Непрацягненне кантракта з гісторыкам Ленай Глагоўскай, якая працуе ў Беластоцкім універсітэце, непакоіць гарадзенскую інтэлігенцыю. 30 верасня можа стаць для яе апошнім працоўным днём у гэтай установе.
Уклад Лены Глагоўскай у вывучэнне беларуска-польскага памежжа пачатку дваццатага стагоддзя надзвычай важны, кажа доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:
– Для яе даследванняў характэрна вельмі глыбокая ўніклівасць даследчыка, архіўныя крыніцы. Працуе ў архівах, шукае новыя і звычайна знаходзіць новыя, невядомыя раней матэрыялы. Дзеячы беларускай культуры, малавядомыя на сённяшні дзень, становяцца больш вядомымі дзякуючы ёй. Адна з першых кніг была прысвечана беларускаму культурніцкаму руху напярэдадні Першай сусветнай вайны – перыяд, які быў вельмі важны для беларускай незалежнай дзяржавы.
Прафесар Алесь Астроўскі:
– Калі казаць пра Алену Глагоўскую, Беластоцкі ўніверсітэт, мы бачым, што гэта становіцца сістэмай. Некаторыя выкладчыкі супрацоўнічалі з Польшчай, я ведаю, якіх адсюль звольнілі. Цяпер атрымліваецца, што і мясцовыя выкладчыкі, беларускаарыентаваныя, на беларускай Беласточчыне – гэта этнічная тэрыторыя беларуская, вымяралі і Карскі, і Доўнар-Запольскі.
Зварот да рэктара Універсітэта ў Беластоку накіравалі таксама гісторыкі і навукоўцы з Менска.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня