Георгій Рой: Я даўно хацеў паспрабаваць сябе ў жанры радыёжурналістыкі



На хвалі нашага радыё вярнулася рэлігійная праграма “Крыначка”. Яе цяперашні вядоўца наш сённяшні Госць Рацыі – праваслаўны святар Ге­ор­гій Рой, якому давялося з’ехаць з Беларусі з-за сваёй адкрытай і непахіснай пазіцыі адносна гвалту ўладаў, які адбываўся ў Беларусі. Святар не згубіў сумлення, перайшоў пад Канстантынопальскі патрыярхат і цяпер служыць у Вільні. Як ён там уладкаваўся разам з сям’ёй, а таксама пра свой удзел у праграме “Крыначка” распавядае Георгій Рой нашай карэспандэнцы Таццяне Смоткінай.

Георгій Рой. Фота з фэйсбука яго старонкі

РР: Вы пераехалі ў Вільню, чаму абралі яе? І наколькі складана або лёгка тут было ўладкавацца?

Георгій Рой: Чаму Вільня? Калі мы з’язджалі з Беларусі, было шмат розных магчымасцяў, прапаноў. Па-першае, мы збіраліся спачатку ехаць у Германію, бо я вучыўся ў Германіі, я ведаю нямецкую мову, і там была прапанова служыць. Але мы падумалі, што для сям’і, для дзяцей, у мяне чацвёра дзяцей, цяжка будзе пацягнуць краіну далёкую ад Беларусі. А, па-другое,  з Вільняй нас шмат што звязвае, мае далёкія продкі былі з Вільні, мае прашчуры хадзілі па тых вуліцах, па якіх я зараз хаджу, таму Вільня ў гэтым плане не чужая. Потым у нас тут ёсць радня і шмат сяброў.

І спачатку мы думалі так, што сям’я мая застанецца тут, а я паеду ў Германію, там буду ўладкоўвацца, але потым рашаючым такім момантам стала тое, што мы зразумелі, што сям’я не пацягне такой далёкай эміграцыі, што нам вельмі важна быць блізка да Беларусі. І паступіла прапанова стаць святаром Канстантынопальскага патрыярхату. Людзі нашы, беларусы, таксама казалі: ”Ну, куды ты паедзеш? Нам вось трэба святар, куды ты паедзеш, калі мы тут, людзі, якія цябе ведаюць, чаго ты будзеш яшчэ чагосьці шукаць?” І, дзякуй Богу, што я змог быць тут святаром для сваіх людзей, для беларусаў у складзе Канстантынопальскай царквы. Таму Вільня.

Як цяжка было ўладкоўвацца? Канешне, эміграцыя – гэта надзвычай цяжкае выпрабаванне, і нашай сям’і нялёгка, тым больш, што чацвёра дзяцей. І гэта такія выклікі для кожнага з нас, і для дарослых, і для малых, але гэта, калі параўноўваць з тым, пра што праходзіць украінскі народ, пра што праходзяць іншыя людзі, якія вымушаныя пакідаць сваю краіну, яшчэ далёка-далёка не горшы варыянт.

І я хачу сказаць “дзякуй” і літоўскаму народу, і літоўскай дзяржаве, што даюць магчымасць нам, беларусам, адчуваць сябе спакойна і мірна, быць і працаваць тут.

РР: Вы пачалі весці праграму на нашым радыё “Крыначка”. Вось крыху распавядзіце пра яе тэматыку і г.д.

Георгій Рой: Я даўно супрацоўнічаў з праграмай “Крыначка”, калі яе вядоўцам быў шаноўны айцец Кастусь Бандарук, я шмат даваў каментароў і інтэрв’ю для гэтай праграмы. Я ніколі не мог падумаць, што маё жыццё складзецца так, што я буду вядучым гэтай цудоўнай праграмы, бо яна мне, праўда, як яе рабіў айцец Кастусь, вельмі падабалася, і я заўсёды думаў – так, вось штосьці такое павінна быць у царкоўным жыцці і вось так будзе сведчыць пра хрысціянства. Потым апошніх некалькі год я быў актыўным слухачом розных падкастаў, і ўвогуле вось гэты жанр радыёжурналістыкі мне вельмі падабаўся, я сапраўды пражыў апошнія гэтыя гады з навушнікамі на вушах. Шмат чаго цікавага людзі распавядаюць, ты едзеш ці ты працуеш – і ты можаш слухаць.

Я даўным-даўно хацеў паспрабаваць сябе ў гэтым жанры. І вось тут так склаліся абставіны, што мяне пазнаёмілі з рэдактарамі “Радыё Рацыя” і мне сказалі – давай, паспрабуй. І я вось зараз гэтым займаюся, і мне гэта надзвычай цікава, я маю шмат ідэй, якія б я хацеў рэалізаваць. Пакуль я працую ў тым фармаце, які задаў айцец Кастусь. Канешне, вось гэтая аснова будзе заставацца, але гэта, як канструктар, то, напэўна, у ім будуць нейкія новыя дэталі, якія могуць быць цікавымі для слухачоў. І спадзяюся, што слухачам “Радыё Рацыя” гэтая праграма спадабаецца, будзе прынятая. Запрашаю ўсіх да знаёмства з “Крыначкай” на хвалях “Радыё Рацыя”!

Цалкам гук у далучаным файле:

Праграма “Крыначка” будзе гучаць у эфіры Беларускага Радыё Рацыя па нядзелях а восьмай раніцы (паўтор а васямнаццатай пасля поўдня) па беларускім і віленскім часе. Па польскім – на  гадзіну раней.

А поўнае інтэрв’ю са святаром Георгіем Роем слухайце ў публіцыстычнай перадачы “Мы бачым” 11 жніўня а 21.30 па беларускім часе, па польскім – на гадзіну раней.

Беларускае Радыё Рацыя