Год „хатняй хіміі” за абразу міліцыі
За абразу супрацоўнікаў міліцыі менчуку прысудзілі год „хатняй хіміі” і шэсць тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

У судзе Бярозаўскага раёна вынесены прысуд жыхару Менска Раману Коржыку, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады – шасці супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Наталля Вакульчык.
Па матэрыялах абвінавачання Коржык, у тэлеграм-чатах размяшчаў каментары і абразлівыя выказванні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з розных гарадоў, якія, на яго думку, былі датычныя да разгону масавых акцый пратэсту. Сярод пацярпелых – шараговыя міліцыянты, участковыя інспектары, камандзір падраздзяленняў АМАПу, намеснік начальніка АУС.
Усе яны прад’явілі зыскавыя патрабаванні аб спагнанні ў іх карысць грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.