„Горка!”
Што за звер такі – чмобік? Зборны вобраз часткова мабілізаванага: гармонік, гарэлка, бадзёры казачы танец – да, кітайская каска, страх, гарматнае мяса – пасля. А што за звер такі – жонка чмобіка? Да і пасля – аднолькава-практычная.

Толькі аб’явілі частковую мабілізацыю, у РФ адразу ж пачаўся вясельны бум. І, у асноўным, без традыцыйнага набору вясельных атрыбутаў. Органы рэгістрацыі грамадзянскага стану працуюць без выходных, як заводы і фабрыкі. Чароўная паперка – павестка з ваенкамата – дазваляе ўсё вырашыць у паскораным парадку. Канвеер: падача заявы – і ў той жа дзень ты ўжо законная жонка. З усімі наступствамі.
Ільготы, дапамогі, а то і, калі пашанцуе, некалькі мільёнаў рублёў у выпадку дрэннага канца. Асабліва прадпрымальныя шукаюць кандыдатаў у сацыяльных сетках. Але як прымусіць зусім чужога чалавека ажаніцца? Якіх пернікаў наабяцаць? Усё проста: ты ж мужчына, ты ж здольны на сапраўдны ўчынак, пакуль ты ваюеш, я буду цябе чакаць і збіраць нашы агульныя грошы, цябе нават могуць адпусціць у маленькі адпачынак. А калі раптам цябе не стане, то ты ж, зноў-такі, мужчына, абаронца і памочнік зусім чужой жанчыне! Якая, верагодна, потым будзе ездзіць на белай „Ладзе”.
Але «магільныя» ад Мінабароны можна атрымаць толькі па факце гібелі і наяўнасці цела, якое гэта ж Мінабароны не заўсёды хоча ўдаве чмобіка прад’явіць. Так што бізнэс вельмі рызыкоўны. Для абодвух бакоў. Чмобік рызыкуе атрымаць пасля мабілізацыі працягласць жыцця, як у гліста, а яго экспрэс-жонка – разбітае карыта. Так што „Горка”!
Фота: google.com.ua