Грамадзяніна Расеі арыштавалі ў Гарадку за кепку з „Пагоняй”



Суддзя суда Гарадоцкага раёна Ганна Гурынава арыштавала грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Віктара Мішчанку на двое сутак.

Нагодай стала нібыта «пікетаванне» ў Гарадку без дазволу мясцовага райвыканкама, піша «Віцебская вясна».

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, Віктар хадзіў па горадзе ў кепцы з выявай герба «Пагоня» і паласой бел-чырвона-белага колеру.

Расеец растлумачыў, што сапраўды гэта рабіў, але, маўляў, не ведаў пра тое, што публічная дэманстрацыя сімволікі, намаляванай на яго галаўным уборы ў спалучэнні з БЧБ-стужкай, ёсць выказваннем сваіх грамадска-палітычных поглядаў.

Рэчавы доказ суддзя пастанавіла пакінуць пры справе на ўвесь тэрмін яго захоўвання, г. зн. на працягу трох гадоў.