Ігар Макар: Падрывам на Дзень Незалежнасці ў Менску-2008 фармавалася татальная сістэма кантролю
Афіцыйны Дзень Незалежнасці ў Менску 2008 года запомніўся падрывам, які адбыўся падчас святочнага канцэрта каля стэлы «Менск — горад-герой» 4-га ліпеня. У выніку выбуху 54 чалавекі звярнуліся па медычную дапамогу, 47 чалавек былі шпіталізаваныя.
Наступствы выбуху каментуе былы намеснік камандзіра баявой групы спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар:
-У сістэмы развязаліся рукі. Была праведзена татальная дактыласкапія, цалкам адкатвалі пальчыкі ва ўсіх прадстаўнікоў мужчынскага полу. Цягнулася больш за год татальнае сачэнне за грамадзянскай супольнасцю. Уся гэтая база ішла да ўчастковых інспектараў і перад наступнымі выбарамі ці калі нейкае дзяржаўнае мерапрыемства праводзілася, участковы прыходзіў і асабіста папярэджваў. Татальнае сачэнне за грамадзянскай супольнасцю дапамагае сілавікам і КДБ апярэдзіць усе падзеі, якія перашкаджаюць. Гэта адзіны спосаб, які можа трымаць той дыктатарскі рэжым, які зараз у Беларусі.
Вінаватым у падрыве на Дзень Незалажнасці ў Менску-2008 быў прызнаны Зміцер Канавалаў. У 2011 годзе ён быў пакараны смерцю разам з Уладзіславам Кавалёвым за ўчыненне смяротнага падрыву на станцыі метро «Кастрычніцкая». Тады загінула 15 чалавек, 387 атрымалі раненні. Самі вінаватыя захоўвалі на судзе маўчанне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Ігара Макара і з адкрытых крыніц


