Ігар Маслоўскі: Улады спужаліся салідарнасці



1 траўня ў многіх краінах свету адзначаецца дзень салідарнасці працоўных. Як выглядае сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі? Чаму ў краіне так і не ўзнік масавы прафсаюзны рух накшталт польскай „Салідарнасці”.

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Ігар Маслоўскі ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: У беларускай канатацыі 1 траўня для многіх гэта такі дзень, калі ўсіх выганяюць на плошчы з дзяржаўнымі прафсаюзамі. Чым насамрэч з’яўляецца 1-га траўня?

Раней так рабілі, выганялі. Цяпер ужо нават гэтага не робяць. Я нагадаю гісторыю. Напрыклад, у нас у Берасці гэта рабілі да 2000-х гадоў. Што мы рабілі. Мы прыходзілі, бралі свае зарэгістраваныя бел-чырвона-белыя сцягі з ружай. Станавіліся пад імі ў супольную калону, фармавалі сваю калону. Улады не ведалі, што з намі рабіць. Ніякіх рэзкіх лозунгаў мы не пісалі, але выходзілі з нашымі сцягамі. Шлі ў гэтай супольнай прафсаюзнай дэманстрацыі, яна была дазволеная. Мы выкарыстоўвалі такія моманты некалькі разоў у Берасці. Потым яны ў Берасці адмовіліся праводзіць. Я памятаю, калі яшчэ быў аспірантам, партыя рабіла такое самае ў Менску, апошні год, здаецца гэта быў 2003, ужо ў Берасці адмовіліся ад гэтых дэманстрацый, у Баранавічах была. Мы сабраліся і паехалі ў Баранавічы. Для Баранавічаў гэта быў проста цуд, бо бел-чырвона-белыя сцягі там не луналі з 1995 года. Як бы ўсё па закону, такім чынам мы выкарыстоўвалі гэту значную дату, значную падзею, гэта сусветная падзея. Улады потым зразумелі і адмовіліся ад усіх гэтых шэсцяў, дэманстрацый. Яны фактычна пасля гэтага не рабілі. Можа быць у нейкіх раённых цэнтрах, а так па ўсёй краіне не рабілі. Зараз гэта проста дзень працы і адпачынку, як яны называюць.

РР: На вашу думку, чаму яны адмовіліся ад дэманстрацый на 1 траўня?

Сапраўды, адна з прычын, я казаў, што гэта можна выкарыстоўваць легальна любы грамадзянін або палітычная партыя для дэманстрацыі сваёй нязгоды, для салідарнасці. Таму нават тут яны пабаяліся, бо гэта свята неадназначнае, яго можна патрактаваць па рознаму. Дзень салідарнасці працоўных, за свае правы, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя. Яны перанеслі асноўны акцэнт на новы дзень незалежнасці, які аб’яўлены ўладамі 3 ліпеня. Столькі краіна не вытрымае маршыраваць – 1 траўня, 9 траўня, 3 ліпеня.

РР: Як выглядае сітуацыя з працоўнымі, калі казаць пра тэндэнцыю?

– На мой погляд, жахліва. Мы бачылі ў 2020 годзе вельмі вялікія падзеі салідарнасці ў Беларусі. Менавіта яны былі звязаныя, у тым ліку, не толькі са сваімі палітычнымі правамі, але і з сацыяльна-эканамічнымі. Людзі пачалі ў 2020 годзе пачалі напаўняць тыя незалежныя прафсаюзы, якія ў нас былі афіцыйна зарэгістраваныя. Пачалі ствараць новыя суполкі на прадпрыемствах. Пачалі думаць і заяўляць пра страйкі. Гэта адна з форм, прычым легальных, барацьбы ў свеце за правы працоўных. Уладу гэта вельмі напужала. Пачалі праводзіцца сходы ў жніўні на розных прадпрыемствах, туды прыязджаў Лукашэнка. Напрыклад у Берасці гэта было на „Газаапараце”, дзе быў вялікі сход, людзі выходзілі і выказвалі сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Гэта вельмі актыўна пашыралася і як раз было сапраўднай салідарнасцю. Яны гэтага спужаліся і пачалі зачыстку гэтай салідарнасці на прадпрыемствах, звальненні нязгодных, і ліквідацыю ўсёй незалежнай сістэмы, якая ў нас была ў Беларусі. Безумоўна яна не магла быць вельмі шырока пашыранай, але ўсё ліквідавалі і ўсе кіраўнікі зараз знаходзяцца за кратамі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя