Ігара Казмерчака абвясцілі ў вышук па краінах СНД



Праваабаронцу і рэдактара аршанскага незалежнага сайту Ігара Казмерчака абвясцілі ў вышук па краінах СНД.

Ігар Казмерчак з канца 2021 году знаходзіцца за мяжой. У Беларусь ён вырашыў не вяртацца пасля таго, як даведаўся, што да яго дадому неаднаразова прыходзілі сілавікі.

Рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казмерчак яшчэ ў пачатку году быў абвешчаны ў вышук па Беларусі. Падставай паслужыла крымінальная справа нібыта за абразу Лукашэнкі .

Цяпер „Вясне” стала вядома, што Казмерчака абвясцілі ў міждзяржаўны вышук — гэта вышук у межах СНД.

Акрамя Расеі, іншыя дзяржавы СНД не выдаюць Беларусі людзей, абвінавачаных паводле палітычных артыкулаў.

У мінулыя гады ў рэдакцыі сайту і яго журналістаў неаднаразова праходзілі ператрусы, затым у межах пераследу незалежных СМІ сайт заблакавалі на тэрыторыі Беларусі.