Ірына Сідорская: Аўтарытарызм пераходзіць да таталітарызму



У закон аб СМІ прапаноўваецца ўнесці пункт аб забароне “прапаганды ЛГБТ”, а Лукашэнка ў сваім апошнім звароце казаў і пра забарону ідэялогіі чайлдфры. Пра што сведчаць гэтыя новыя тэндэнцыі ў заканадаўстве, і чаму дзяржава імкнецца зазірнуць у ложак да беларусаў? На гэтыя пытанні адказвае „Госць Рацыі”, даследчыца, доктар філалагічных навук Ірына Сідорская. Каля мікрафону – Алеся Вербаловіч.

РР: Вось гэтыя тэндэнцыі ў заканадаўстве, пра што гэта можа сведчыць?

На самой справе ёсць такая тэндэнцыя, калі дзяржава ўсё больш і больш закранае прыватнае жыццё чалавека. Гэта канешне дрэнная тэндэнцыя, бо яна сведчыць пра тое, што аўтарытарызм пераходзіць да таталітарызму. Аўтарытарызму не трэба сачыць за прыватным жыццём людзей, яму трэба, каб людзі правільна галасавалі, альбо не прымалі ўдзелу ў палітычным жыцці. А вось для таталітарнай дзяржавы там ужо так, там ужо патрэбна сачыць за тым, што людзі робяць у сваім прыватным жыцці, з кім яны жывуць, што яны робяць, ну і гэтак далей. Але мне здаецца, што пакуль жа яшчэ ніякіх зменаў у заканадаўстве няма, гэта толькі нейкія ідэі. Гэтыя ідэі мне здаюцца цалкам натуральнымі, бо для беларускіх чыноўнікаў адзіным дэсіжн-мэйкерам з’яўляецца Лукашэнка. Калі Лукашэнка штосьці скажа, а вось ён там сказаў у пасланні беларускаму народу пра геяў, ну яны і паўтараюць тое, што ён гаворыць. Мне здаецца, што яны пры гэтым нічым не рызыкуюць, яны паказваюць, што яны лаяльныя да кіраўніка дзяржавы, яны паўтараюць і творча развіваюць тое, што ён кажа. А будзе гэта на самой справе, не будзе, мне здаецца пра гэта яны менш за ўсё думаюць, бо для іх галоўнае нейкі такі палітычны капітал сабе зарабіць паказаўшы лаяльнасць.

РР: У закон пра СМІ прапануецца ўключыць пункт пра забарону прапаганды ЛГБТ. Навошта, калі гэтая тэма здаецца і так закрытая ў беларускім грамадстве?

Згодная з вамі, што на самой справе нейкага натуральнага чынніка для чаго трэба гэта рабіць, ну я таксама не бачу. А што ў нас калісьці была прапаганда ЛГБТ-кам’юніці, ЛТБТ каштоўнасцяў? Ды ніколі яе не было нават у самыя такія мірныя і свабодныя часы. Мне здаецца, што тут ёсць два фактары. Першы фактар, гэта ўплыў Расеі і расейскай прапаганды. З лютага мінулага года, вось калі Расея пачала наступ на Украіну, то тады прапаганда Беларусі сінхранізавалася з расейскай. Вось калі да 2020 года Беларусь усё ж такі праводзіла самастойную інфармацыйную палітыку, то з 2022 года яна сінхранізавалася з расейскай. Для расейксай улады, мне здаецца, гэтыя „традыцыйныя каштоўнасці”, бяру гэтае словазлучэнне ў двукоссе, бо ніхто не ведае на самой справе, што гэта такое. Дык вось гэтыя традыцыйныя каштоўнасці гэта нейкі фетыш для крамлёўскай прапаганды. Там мне здаецца нават вайна абгрунтоўваецца тым, што Расея абараняе расейскі народ і іншыя славянскія народы ад гэтых нетрадыцыйных псеўдакаштоўнасцяў Еўропы. Вось гэта амаль ледзь не галоўная прычына гэтай ваеннай аперацыі. Канешне зараз для прапаганды Беларусі расейская прапаганда – гэта ўзор. І вось калі ў расейскай прапагандзе пра гэта шмат гаворыцца і ў канцы мінулага года быў падпісаны закон пра забарону прапаганды нетрадыцыйных каштоўнасцяў, я ўсе гэтыя словы бяру ў двукоссі, бо яны вельмі некарэктныя, але так у расейскім законе. Дык вось быў прыняты такі закон у канцы мінулага года, ну і мне здаецца, што вось прапаганда Беларусі глядзіць на расейскую. Яшчэ пра што мы гаворым, мы гаворым што гэта на самой справе зусім не актуальнае для Беларусі пытанне. Не было гэтай прапаганды і няма зараз. Мне здаецца, што для чыноўнікаў гэта такі лёгкі спосаб звярнуць увагу грамадства на іншае, не на сапраўдныя праблемы, якія зараз ёсць у беларускім грамадстве. Той жа эканамічны стан, гуманітарна-прававы крызіс, які зараз у Беларусі, гэта адток чалавечага капіталу. Шмат чаго яшчэ можна пералічваць, але ж гэтыя праблемы, іх жа на самой справе трэба вырашаць, трэба сістэмныя рэформы і гэтак далей. А тут давайце мы паглядзім на такую праблему, адцягнем увагу грамадства туды, скажам што з традыцыйнымі каштоўнасцямі ў нас не ўсё добра і будзем усе змагацца з гэтымі нетрадыцыйнымі каштоўнасцямі і тады ў нас усё будзе добра. Мне здаецца, што гэта такая маніпуляцыя дзяржаўнай прапаганды.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Як зазначыла Ірына Сідорская, заканадаўства Беларусі і без апошніх зменаў нельга было назваць арыентаваным на сацыяльна ўразлівыя групы людзей. А цяпер палітыка беларускай дзяржавы ў дачыненні да іх становіцца усё меньш гуманістычнай.

Беларускае Радыё Рацыя