Каго рыхтуе школа ў Беларусі?



У Беларусі пачаліся летнія канікулы для школьнікаў. З гэтай нагоды педагог Анастасія Сасыкбаева разважае пра школьную сістэму адукацыі ў Беларусі.

Чаго не хапае ў школах? Ці камфортна працаваць настаўнікам? Каго рыхтуе школа ў Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні распавядае Анастасія Сасыкбаева ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Вы знаходзіцеся не ў Беларусі. Заўжды цікавы погляд збоку. Калі разглядаць беларускую сістэму адукацыі, які самы галоўны плюс і самы галоўны мінус?

Анастасія Сасыкбаева: Няма плюсаў у нашай сістэмы адукацыі. Яна вельмі адстае і не толькі ад польскай, але ўвогуле і на шмат гадоў. Гэта было яшчэ тады, калі я сама была ў гэтай сістэме адукацыі, калі жыла ў Беларусі. Самы галоўны мінус – гэта тое, што няма індывідуальнага падыходу да дзяцей. Нягледзячы на  тое, што ва ўсіх інструкцыях прапісана, што настаўнік павінен знайсці індывідуальны падыход.

РР: Чаму так склалася, што няма індывідуальнага падыходу?

Анастасія Сасыкбаева: Гэта, відаць, рэха з тых савецкіх часоў. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Міністэрстве адукацыі сядзяць людзі, якія адарваныя ад сусветнай практыкі, ад педагогікі. Як кажуць, рыба гніе з галавы. Відаць, штосьці не так у Міністэрстве адукацыі.

РР: Каго ўвогуле рыхтуе беларуская школа? Бо кажуць, што школьная адукацыя падстройваецца пад патрэбы дзяржавы. Хто патрэбны дзяржаве?

Анастасія Сасыкбаева: Гэта ж відавочна, што са школ выходзяць паслухмяныя рабы. Людзі, якія прывыклі яшчэ са школьных гадоў не адстойваць свае правы, людзі, якія прывучаныя да таго, што твой бос заўжды мае рацыю. А ў дадзеным выпадку твой бос умоўны – гэта настаўнік, альбо адміністрацыя школы. Што нічога ты з гэтым не зробіш, а паслухмяна павінен рабіць тое, што табе сказалі. Такая моладзь пасля выходзіць з нашых школ і ідзе далей у жыццё. Таму ў нас у большасці такое грамадства. Я, канешне, не хачу такую песімістычную карціну маляваць увогуле пра ўсіх людзей у Беларусі. Канешне, шмат людзей, якія займаюцца самаадукцыяй, якія абіраюць нейкія альтэрнатыўныя варыянты адукацыі для сваіх дзяцей нават у сённяшніх умовах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з фэйсбука Анастасіі Сасыкбаевай.