Калядныя цуды



Нядзельны, пасляабедзенны час 8 студзеня ― другі дзень праваслаўнага Ражджаства Хрыстовага.

За акном надвор’е проста як на заказ, адмыслова святочнае. Аднак нядаўна, у чацвер, перад каляднаю пятніцай з неба ішоў праліўны дождж, што адбіраў найбольш пазітыўны настрой чакання Віфлеемскай зоркі. Але ў пятніцу ўжо паспакайнела і звычайна па-студзеньску пахаладала. Калядная вячэра была з марозам, але без снегу. «Ой, дай Божа, так яшчэ і крыху снегу, каб было відаць, што святы», ― такімі пажаданнямі абмяняліся мы з дачкою святым вечарам за ўрачыстым калядным сталом. Думаю, што такія словы і мары прагучалі гэтым вечарам у многіх дамах і не толькі на нашым, каханым Падляшшы. Нас чакала сапраўдная, усхваленая не толькі ў Святым пісанні, але і ў народнай творчасці таямніца Нараджэння Хрыстовага, але і зямнога, бачанага хараства Гасподняга. Прачнуўшыся ў суботнюю раніцу, за нашымі вокнамі зямелька проста за ноч накінула на сябе свой святочны, снежны плашч, які сваёй чысцінёй асвятліў змрок і зямную цемру. Як жа радасней і з надзеяй глядзелася на ўсё за святочным сняданкам. Нават трывожны, ваенны час на хвіліну забываецца, калі бачыш такое хараство зямлі. І верыш у добрае і лепшае, людзям проста жадаеш надзеі і жыцця без вайны. На другі дзень свята, у нядзельку, да Каляднага цуду далучылася яшчэ і сонейка. Проста зямля і неба заззялі. Снег, сонца, невялікі мароз паказалі святочную радасць і Божую моц. Проста неадкладна хацелася спяваць калядкі, усхваляючыя Нараджэнне Хрыстовае, хацелася выкрычаць на поўныя грудзі радасць душы, нават у такіх людзей як я, якія ўвогуле не ўмеюць спяваць. Але, здаецца, не ўмеласць спеву тут найважнейшая… Найважнейшае хіба хацець кожнаму з нас адкрыць нашы сэрцы і душы перад нованароджаным Каляднікам, які ўжо звыш дзвюх тысяч гадоў дзеля чалавечнасці гатовы радавацца, цярпець, а ў канцы ахвяраваць сваім жыццём у імя нашых грахоў. Але цяпер і зараз хай царыць паўсюдна чароўны цуд з’яўлення Дзіцяткі Божага і дадзенай нам разам з тым усявечнай надзеі. А без надзеі проста не пражыць кожнаму з нас. Зараз амаль ніхто не верыць у цуды, а яны проста бываюць, толькі людзі хутка і абыякава іх мінаюць, забываючыся нават на проста нам дадзены найвялікшы цуд ― шлях зямнога жыцця. Таму невыпадкова наша зямное жыццё распятае паміж нябеснымі сузор’ямі ― указальнікамі свята Нараджэння і Уваскрашэння Гасподняга ― даюць нам прывілею вандравання, але і блукання паміж дабром і злом. І на гэтым зямельна-нябесным шляху чалавечага вандравання ў кожнага з нас збываюцца свае, маленькія цуды…Трэба іх проста толькі хацець адчуваць, а не толькі бачыць і змерыць сваім вокам і розумам. Аднак у Калядную ноч за справай Божай міласэрнасці невыпадкова ўсхваляецца і спяваецца пра падараваныя нам Усявышнім цуды…. Космас, ноч, бязмежную таямніцу ― і тую першую зорку, вызначаючую шлях у хрысціянскую прастору вандравання, неўміручасці, вечнасці.
«Пасля нас хаця б патоп» ― жадаюць ворагі жыцця і зямельнай прыгажосці быцця роду чалавечага… З іх самым галоўным і найхітрэйшым крэатывам, а ім жа надалей з’яўляецца той самы першабытны чорт ці д’ябал, у залежнасці як яго клічуць, або якая ў яго мянушка. А пра яго спакуслівае ўздзеянне на кожнага з нас і то кожнага дня мы перастаем гаварыць і заўважаць з‑за свайго проста граху вынослівасці і ягонай умеласці спакуслівасці. Нічога затым дзіўнага, што змаганне з чортам прысутнае ва ўсіх візуалізаваных формах Каляднай аповесці. Вобразнае ўяўленне касмаганічнага таксама беларускага свету, дзе чалавеча-прыродны (жывёльны) ― Божы трыумвірат дае адпор і перамогу над ашуканствам і спланаванымі чартоўскімі інтрыгамі, па сённяшні дзень у простых словах і вобразах паказвае нам тыя адвечныя арыенціры, ад якіх нельга нам не толькі адмаўляцца, але за якія трэба таксама і змагацца. Хрыстос нарадзіўся ― славім Яго!

Яўген Вапа