Камісія па вяртанні палітэмігрантаў атрымала „шмат зваротаў”, але не будзе іх разглядаць



Камісія па вяртанні палітэмігрантаў атрымала „шмат зваротаў”, але ўсе яны „не адпавядаюць крытэрыям” — заявіў намеснік генпракурора.

У камісію па вяртанні палітычных эмігрантаў за пяць дзён ад пачатку прыёму зваротаў не паступіла ніводнага, які можна было б разгледзець па сутнасці, вынікае са слоў намесніка генеральнага пракурора Аляксея Стука 11 лютага ў эфіры „Панарамы” на тэлеканале „Беларусь 1”.

Стук не назваў, якую канкрэтна колькасць зваротаў атрымала камісія, не стаў раскрываць іх змест і пералічваць хібы. Разам з тым, паводле яго, звароты паступалі не толькі з-за мяжы, але і з Беларусі. Таксама Аляксей Стук заявіў, што камісія можа прыняць рашэнне „аб мэтазгоднасці змянення меры стрымання, каб грамадзянін мог бесперашкодна перасекчы мяжу Рэспублікі Беларусь”.