Камітэт ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі Яны Пінчук у Беларусь
Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця, недатыкальнасці да разгляду ім скаргі беларускі. Гэта першы выпадак умяшальніцтва гэтай структуры ў справы аб дэпартацыі з РФ беларускіх апазіцыянераў, сказала «Бі-Бі-Сі» адвакат Пінчук Марыя Бяляева. Дагэтуль праваабаронцы спрабавалі прыпыніць падобныя дэпартацыі з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека. Аднак пасля выключэння Расеі з Савета Еўропы Масква адмовілася выконваць яго рашэнні. І тады ўзнікла надзея на ААН.

Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года, і з таго часу яна знаходзіцца за кратамі. тым часам Камітэт па правах чалавека ААН таксама прапануе Расеі даць Пінчук доступ да працэдураў прадастаўлення часовага прытулку, аб якім яна прасіла. Раней расійскія ўлады ёй у гэтым адмовілі.Яна Пінчук прызнаная ў Расеі палітзняволенай.