Кампанія Moderna паспяхова выпрабавала вакцыну супраць раку скуры



Кампанія Moderna Inc. у партнёрстве з Merck & Co падзяліліся вынікамі выпрабаванняў вакцыны, якая ў разы зніжае рызыку рэцыдыву і смяротнасці ад меланомы.

Тэсты, паводле ацэнак распрацоўшчыкаў, прайшлі паспяхова. Рэспандэнтамі сталі людзі, якім выдалялі меланому хірургічным шляхам.

Каля 79% тых, каму ўвялі прэпарат Keytruda разам з новай вакцынай, знаходзіліся ў рэмісіі парадку 18 месяцаў. Для параўнання: лячэнне толькі Keytruda дало станоўчую дынаміку ў 62% пацыентаў, піша Bloomberg.

Пабочныя эфекты ад камбінацыі прэпарата з вакцынай апынуліся неістотнымі і тычыліся ў асноўным падвышанай стомленасці.

Таксама паведамляецца, што вакцына была створаная для кожнага рэспандэнта з улікам генетычных паслядоўнасцяў яго пухлін. У планах у распрацоўшчыкаў — больш маштабныя выпрабаванні. Калі яны дадуць вынік, то супрацьракавую вакцыну, як чакаецца, ухваляць для выкарыстання ў ЗША.

Меланома — адна з самых агрэсіўных форм рака скуры, яе асаблівасць — хуткі распаўсюд на іншыя органы.

Беларускае Радыё Рацыя