КДБ затрымаў 44 супрацоўнікаў Акадэміі Навук



Пра рэйд па акадэмічных інстытутах «Нашай Ніве» паведамілі калегі затрыманых. Інфармацыя дагэтуль даволі ўрыўкавая, бо ровень страху высокі.

Вядома, што на мінулым тыдні затрымліваліся трое навукоўцаў з Інстытута біяарганічнай хіміі навукова-прамысловага цэнтра «ХімФармСінтэз». Іх адпусцілі, але ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Была затрыманая супрацоўніца фізіка-тэхнічнага інстытута. Як мінімум адно затрыманне адбылося ў прэзідыуме НАН.

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі прыходзілі таксама ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Гэта, магчыма, адбылося раніцай 26 кастрычніка.

У інстытуце філасофіі ў супрацоўнікаў правяралі тэлефоны: праглядалі фотагалерэю і тэлеграм. Гэтае самае рабілася і ў іншых акадэмічных інстытутах.

Яшчэ ў адным інстытуце сілавікі размаўлялі з супрацоўнікамі ў кабінеце дырэктара. Размова вялася адзін на адзін. Людзей забіралі з працоўных кабінетаў і лабараторый без папярэджання. Некаторым супрацоўнікам прапаноўвалі супрацу з сілавікамі.

Частку затрыманых завезлі на допыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі і адпусцілі. Частку, як мінімум 5 ці 6 чалавек, адправілі на суткі на Акрэсціна. Усяго па інфармацыі «Нашай Нівы» з адной крыніцы, затрымліваліся 44 супрацоўнікі.

Некаторыя навукоўцы кажуць, што «першы аддзел» — гэта значыць, КДБ — збірае інфармацыю, якія спасылкі супрацоўнікі Акадэміі навук адкрываюць на сваіх працоўных камп’ютарах.