Кіра Баяранка: Мне хацелася дапамагаць людзям



Госця Радыё Рацыя — Кіра Баяранка. Гэта былая палітзняволеная, якая перажыла ўцёкі з Беларусі, валанцёрыла ва Украіне і памагала ў эвакуацыі людзей з прыфрантавой зоны на Херсоншчыне. Кіра атрымала раненне падчас абстрэлу, і цяпер лякуецца ў шпіталі ў Кіеве. Гутарыць з ёй наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч. 

Кіра Баяранка

РР: Як так сталася, што вы апынуліся ва Украіне? Гэта праз валанцёрскую дзейнасць, як вы ўвогуле туды трапілі?

Кіра Баяранка: Самы першы раз я трапіла ва Украіну ў 2021 годзе, у кастрычніку. Я ўцякала з Беларусі ад палітычнага пераследу, я былая палітвязень, адседзела паўгода ў СІЗА на Валадарскага, пасля чаго мне ўдалося збегчы, і першая краіна, куды я тады бегла, гэта была Украіна.

А пасля пачатку вайны я выехала з Украіны 27 лютага 2022 года. Калі я ўцякала ва Украіну, то я ўцякала без ніякіх дакументаў, то бок была толькі даведка пра вызваленне і мая крымінальная справа. А мой беларускі пашпарт застаўся там у КДБ,

РР: Атрымліваецца, паехалі ў Польшчу з Украіны, а пасля вырашылі вярнуцца ва Украіну?

Кіра Баяранка: Так, я ў Польшчы атрымала дадатковую дапамогу, каб хоць дзесьці легалізавацца.

РР: А чаму вы вырашылі вярнуцца ва Украіну і паехаць дапамагаць людзям, што вас падштурхнула?

Кіра Баяранка: Тут трэба сказаць, што я яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне валанцёрыла ў арганізацыі “Дапамагаем выехаць”. Мы эвакуявалі ўкраінцаў з акупаванай і неакупаванай тэрыторый у краіны Еўразвязу.

Я зразумела, што я па нейкай прычыне не магу інтэгравацца ў Польшчы, што я сумую не толькі па Беларусі, а ўжо і па Украіне і адчуваю адказнасць, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты.  Як беларуска я адчувала адказнасць, што ў гэтым ёсць і наша віна, што зараз адбываецца ва Украіне.

Мне хацелася дапамагаць людзям і дапамагаць людзям больш, чым я магла гэта рабіць у Польшчы. І я паехала. Я з’язджала разам са сваёй сяброўкай, яна гнала машыну для ЗСУ і везла гуманітарную дапамогу ва Украіну.

Потым я звязалася са сваёй валанцёрскай арганізацыяй і прапанавала ім, што я магу даглядаць маламабільных людзей у час эвакуацыі ўнутры Украіны. Таму што нават зараз у тых небяспечных частках Украіны, дзе чырвоная зона і людзі выязджаюць, большасць аддае перавагу заставацца ў самой Украіне.

Мне сказалі, што зараз патрабуюцца такія валанцёры ў Херсоне, і мая задача была ў Херсоне вывозіць у Вінніцу, Хмяльніцкі ў пансіянаты маламабільных людзей, суправаджаць параненых вайскоўцаў. У асноўным вывозіла сталых людзей, у якіх падарвалі будынак, якіх даставалі з-пад абломкаў.

Амаль усе сталыя людзі былі поўнасцю ляжачыя. Мая задача была іх накарміць, напаіць, змяніць памперсы

Пасля шпіталю Кіра плануе вяртацца да працы ў прыфрантавых абласцях Украіны. Кажа, што там можа зрабіць больш, чым у адносна спакойным Кіеве.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя