Кісляк: Бяляцкі – больш чым праваабаронца, ён – лідар мяркаванняў!



У міжнародны дзень правоў чалавека, які адзначаецца штогод 10 снежня, у нарвежскім Осла будуць уручаць Нобелеўскую прэмію міра. Сёлета гэту ўзнагароду сярод трох намінантаў будуць уручаць і Алесю Бяляцкаму, кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна».

Пра сваё бачанне Алеся Бяляцкага кажа праваабаронца Раман Кісляк:

Гэта вядомы беларускі праваабаронца. Я яго шмат гадоў ведаю. Ён кіраўнік адной з самых вядомых праваабарончых арганізацый, адной з самых уплывовых у Беларусі – праваабарончы цэнтр „Вясна”, які працуе для таго, каб дапамагаць людзям ва ўмовах рэпрэсій. Відавочна, з-за гэтага, з-за гэтай дапамогі, з-за яго праваабарончай дзейнасці ён і быў затрыманы, арыштаваны і зараз паўстане перад судом.

Па словах Рамана Кісляка, Бяляцкі – гэта не проста праваабаронца:

– Бяляцкі, безумоўна, больш чым праваабронца. Ён лідар думкі. Ён быў і ў грамадскім руху, прыканцы 80-х – напачатку 90-х гадоў. І мы, беларусы, пад яго ўплывам робімся праваабаронцамі ў гэтай сітуацыі, калі паўстае аўтарытарызм, тыранія. Ён вельмі годны чалавек і заслугоўвае гэтую ўзнагароду.

Раман Кісляк быў вядомым праваабаронцам у Берасці, аднак з-за пераследу быў вымушаны пакінуць Радзіму і цяпер жыве ў Грузіі, дзе таксама займаецца праваабарончый дзейнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя