Крымінальную справу былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшы і яго жонкі накіравалі ў суд



Крымінальную справу былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшы і яго жонкі накіравалі ў суд. Ён абвінавачваецца ў „дыскрэдытацыі Беларусі” і „актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Сцвярджаецца, што з лістапада 2021-га да сакавіка 2022-га Лукша „сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь” і „з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчаюць загадзя ілжывую інфармацыю, і перадаў іх пазначанаму тэлеканалу”.

Па версіі следства, Дзмітрыю Лукшы дапамагала яго жонка Паліна Палавінка. У адным з выпадкаў яна, „хаваючы свой твар, на ангельскай мове прадставілася грамадзянкай Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якая нібыта жыве ў стыхійным лагеры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Жонцы інкрымінуецца „дапамаганне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” і „актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

У якасці абвінавачаных прыцягнуты яшчэ трое чалавек, у тым ліку аператар Дзмітрыя Лукшы — былога вядоўцы праграмы “Зона X” на „Беларусь 1”. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. За кратамі застаюцца Лукшы і яшчэ адзін абвінавачаны.