Магілёўскага журналіста аштрафавалі за супрацу з беластоцкай «Нівай»
Пераслед за супрацу з беластоцкай «Нівай». Уладзімір Лапцэвіч аштрафаваны на 45 базавых велічынь за супрацу з тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва». Гэта 1 тысяча 35 беларускіх рублёў.
Справу разглядаў Суд Ленінскага раёна Магілёва, суддзя Літвіна.
Раней на Уладзіміра Лапцэвіча склалі сем адміністрацыйных пратаколаў за кожны з матэрыялаў, які з’явіўся ў «Ніве» цягам апошніх двух месяцаў. Пазней гэтыя пратаколы былі аб’яднаныя ў адну адміністрацыйную справу.
Журналіста абвінавацілі, між іншым, у незаконным вырабе прадукцыі СМІ:
— У склад рэдакцыі я ніколі не ўваходзіў і зараз не ўваходжу. Я не займаюся вырабам прадукцыі СМІ, бо гэтым займаецца ўласна рэдакцыя: рэдакцыя тыднёвіка «Ніва». А такія пазаштатныя аўтары, як я, вырабам прадукцыі СМІ папросту не могуць займацца.
У доказ сваіх словаў Уладзімір Лапцэвіч прадставіў даведку з «Нівы», што ён не з’яўляецца штатным супрацоўнікам гэтага выдання. У журналіста склалася ўражанне, што суддзя мела загадзя падрыхтаваны прысуд, і ён разглядае гэтую справу як палітычны пераслед:
— Усе лагічныя довады ў дадзеным выпадку па-сутнасці бессэнсоўныя, бо справа мае выразнае палітычнае адценне. Таму, можна колькі заўгодна даведак перадаваць у гэты суд, і ён усё гэта будзе далучаць да справы, але пад увагу брацца яны не будуць. Пад увагу бярэцца толькі тое, што палітычна выгадна, палітычна мэтазгодна камусьці, я не ведаю каму.
Падтрымаць Уладзіміра Лапцэвіча ў суд прыйшло шмат людзей, але дваіх з іх, якія больш эмацыйна рэагавалі на працэс, суддзя пазней выдаліў з залі. Журналіст мае цвёрды намер абскарджваць вынесены яму прысуд.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
