Марына Адамовіч распавяла, у якіх умовах трымаюць Статкевіча



Старшыня партыі «Народная грамада», палітвязень Мікалай Статкевіч пасля ўступлення рашэння суда ў сілу пераведзены ў папраўчую калонію асаблівага рэжыму №13 у горадзе Глыбокае. Мы пагаварылі пра гэта з госцяй Радыё Рацыя Марынай Адамовіч:

РР: Першае пытанне пра Міколу, паколькі менавіта ён знаходзіцца ў цяжкіх умовах палону рэжыму Лукашэнкі. Што зараз адбываецца з Міколам?

Насамрэч я ведаю не вельмі шмат, хоць і атрымала ад яго два лісты. 20 чэрвеня Мікалая разам з Ігарам Лосікам і Змітром Паповым этапавалі з гомельскага СІЗА. Для кагосьці было пытаннем, куды. Але я нейкіх сумневаў не мела – этапавалі ў Глыбокае. Бо Глыбокае – гэта адзіная калонія ў Беларусі, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да асаблівага рэжыму: пажыццёвага ўтрымання, ці смяротнае пакаранне заменена на пажыццёвае зняволенне, гэта вельмі спецыфічнае месца. 24 чэрвеня ён туды прыехаў, часова яго затрымлівалі ў Віцебскім СІЗА. Але як вынікае з лістоў, ужо прынамсі з 24-га ён знаходзіцца ў каранціне глыбоцкай калоніі.

Мікола адразу напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне з сувязі з пагрозамі ад адміністрацыі і супрацоўнікаў. Гэта дастаткова звычайны падыход, бо ён мае ўжо вялікі жыццёвы досвед таго, што з ім выпадковыя людзі ніколі не сядзяць, і што наяўнасць гэтых выпадковых людзей стварае не толькі пагрозу (бо гэтыя людзі знаходзяцца пад поўным кантролем адміністрацыі), але яны яшчэ пішуць заявы аб тым, што Мікола прызнаваўся ім у нейкіх тым злачынствах. У апошнім лісце дарэчы ён узгадаў, што адзіны з яго мінулых сукамернікаў напісаў заяву, што Мікола прызнаўся яму, што нібы ўтварыў нейкае злачынства.

Мікалай зрабіў вельмі цяжкі выбар, і для мяне цяжка сябе ўявіць – чалавек, які ўжо 2 гады знаходзіцца адзін вырашаецца такім рашучым спосабам працягваць свой уласны супраціў. Прынамсі яшчэ на працягу мінімум трох год. Бо асаблівы рэжым – гэта такая схаваная турма. Асаблівы рэжым прадугледжвае на працягу не менш, чым траціны тэрміну, камернае ўтрыманне. То бок тое самае, што яны мелі ў СІЗА, толькі без перадачак, без двух асобных шпацыраў, і гэтак далей. Яму засталося яшчэ як мінімум тры гады. Традыцыйна, у першы ж дзень яго паставілі на ўлік, як схільнага да экстрэмізму. І яшчэ адная адметнасць калоніі асаблівага рэжыму, да якой Мікалай паставіўся з яму характэрным гумарам, – гэта паласатая роба. Такая, якая ў нас выклікае асацыяцыі з дзіцячымі мультфільмамі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З госцяй Радыё Рацыя Марынай Адамовіч размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя