Мая Церакулава: Лекараў у Беларусі не стае

Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — медычная блогерка, педыятр, шматдзетная маці і палітычная ўцякачка Мая Церакулава. Гутарым з ёй пра складанасці эміграцыі, стан беларускай медыцыны і новае ютуб-шоў. Каля мікрафону — Алеся Вербаловіч.
— Я патрапіла ў чорны спіс і мяне звольнілі на трэці дзень. І без права працягу прафесійнай дзейнасці ў Беларусі. У мяне пасля гэтага 13 адмоваў у працаўладкаванні з усіх установаў Магілёву і Бабруйску, дзе мог бы спатрэбіцца педыятр.
РР: Якія там былі фармулёўкі ў адмовах?
— Я брала накіраванне з цэнтру занятасці, дзе было напісана, што вакансія актуальная, і мая кваліфікацыя адпавядае заяўленай, у працадаўцаў былі праблемы з фармулёўкамі. Хтосьці пісаў, што я не прайшла размову, хтосьці пісаў „дыскрэдыцыйныя варункі пры звальненні“, „характарыстыка не адпавядае“ і г.д.
РР: Афіцыйна і неафіцыйна, нават сам-насам, ніхто не патлумачыў, што гэта за палітычныя погляды, за актыўнасць у сацсетках?
— Мне казалі, што я ў спісе, але чаго людзі туды трапляюць — невядома. Я хацела пайсці скардзіцца ў дэпартаменты здароўя: „У чым праблема? Я добры доктар, маю добры стаж“. Мая сяброўка, таксама доктарка, пасмяялася з мяне, маўляў, чыноўнікі здароўя не ведаюць, чаму мяне звольнілі.
РР: Якая тады была сітуацыя з колькасцю спецыялістаў у звычайных паліклініках?
— Вядома, лекараў не стае, пагатоў педыятраў — дэфіцытная спецыяльнасць. Калі тэлефануеш і кажаш, што ты доктар і шукаеш працу, спярша радуюцца. А хтосьці адразу пытае: „Ці ў спісе вы? Так? Тады мы не можам вас узяць“. Той, хто працуе, працуе за двох, трох. Норма запісу да педыятраў раз у 15 хвілінаў, у нас афіцыйная норма — раз у 5 хвілінаў; колькасць працоўных гадзінаў павялічваецца. Чым больш дастаецца працы, тым больш яны стамляюцца. Педыятры працуюць не толькі за сваіх суседніх участковых педыятраў, а цяпер і за інфекцыяністаў, і за кардыёлагаў, і за ўсіх вузкіх спецыялістаў, якіх бракуе, бо ты бярэш на сябе ўсё больш працы. Урэшце, людзі зморваюцца і звальняюцца таксама праз гэта.
Мая нарадзілася і вырасла ў Казахстане, але адзначае, што акурат беларуская салідарнасць вельмі дапамагла ёй у вымушанай эміграцыі.
Беларускае Радыё Рацыя