Менск перастаў быць двухмільённікам



Паводле апошніх звестак Белстата, насельніцтва Беларусі за мінулы год скарацілася на рэкордныя 94 тысячы чалавек. І гэта пасля скарачэння на 60 тысяч за 2020-ы, піша НН.

Генадзь Коршунаў Фота: Радыё Рацыя

Старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў вылучае два асноўныя фактары, якія ўплываюць на скарачэнне насельніцтва. Па-першае, гэта пандэмія. Статыстыка ад Белстата паказвае на наступствы кавіду, якія раней не адлюстроўваліся ў афіцыйнай статыстыцы. Па-другое, маем справу з некалькімі хвалямі міграцыі, якія адбыліся пасля падзей 2020 года. Пры гэтым варта разумець, што значная частка тых, хто з’ехаў з краіны, ніяк не адбіліся ў статыстыцы Белстата, — адзначае эксперт.

За ўвесь пасляваенны перыяд насельніцтва Менска пастаянна расло. Тэндэнцыя перапынілася толькі ў 2020 годзе. У 2021 годзе скарачэнне колькасці жыхароў сталіцы працягнулася, і сталіца Беларусі недалічылася яшчэ 13 тысяч чалавек, пасля чаго горад страціў статус двухмільённіка.

Падобную сітуацыю можна назіраць і ў іншых буйных гарадах, напрыклад, у Гародні і Берасці, якія раней таксама стабільна раслі. На думку Генадзя Коршунава, кавід больш паўплываў на колькасць насельніцтва на перыферыі. У малых населеных пунктах пражывае больш людзей старэйшага веку. Там горшы ўзровень медыцыны. Пратэсты, а значыць і рэпрэсіі, у такога тыпу населеных пунктах, калі і мелі месца, то ў невялікіх маштабах. Адпаведна, эміграцыйны фактар там аказваў меншы ўплыў. У Менску наадварот былі сур’ёзныя пратэставыя настроі, мноства людзей былі вымушаныя з’язджаць, засцерагаючыся рэпрэсій. Таму ў сталіцы найбольш важнымі фактарамі аказаліся палітычны і эканамічны, мяркуе Коршунаў.

Тое ж самае можна сказаць і пра Берасцейшчыну, дзе яшчэ да выбараў 2020 года былі пратэсты, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода. Адпаведна, там і рэпрэсіі пачаліся раней, чым па ўсёй краіне. У Гародні пасля выбараў таксама быў моцны пратэставы рух і рэпрэсіі. Плюс — менавіта жыхарам заходніх абласцей заўсёды было прасцей з’ехаць з краіны. Тое, што адбываецца, Коршунаў называе трагедыяй для краіны і грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя