Менск узгадніў візіт супрацоўніка консульства да Соф’і Сапегі ў калонію.
Беларускі бок узгадніў візіт консульскага супрацоўніка ў папраўчую калонію ў Гомельскай вобласці, дзе адбывае пакаранне асуджаная расейка Соф’я Сапега, паведамілі агенцтву РІА Новости ў МЗС Расеі.

– Наша пасольства ў Менску самым уважлівым чынам сочыць за лёсам Сапегі, знаходзіцца на сувязі са сваякамі і адвакатамі расейскай грамадзянкі, перыядычна наведвае асуджаную па месцы адбывання ёю пакарання, аказвае пры гэтым неабходныя консульскія паслугі, – адзначылі ў міністэрстве.
У МЗС РФ адзначылі, што „чарговы падобны візіт консульскага супрацоўніка ў папраўчую калонію ў Гомельскай вобласці быў узгоднены ўладамі Беларусі”.
Нагадаем, Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Пара вярталася з адпачынку.
Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала „Чорная кніга Беларусі”, у якім публікуюцца асабістыя дадзеныя сілавікоў. Сапегу прыгаварылі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму. У памілаванні ёй адмовілі.
У красавіку стала вядома аб тым, што Соф’ю Сапегу, магчыма, адправяць даседжваць тэрмін у Расею.
Беларускае Радыё Рацыя