„Менскія падпольшчыкі” узламалі сайт „Беларуськалія”
Сайт „Беларуськалія” ўзламалі раніцай. На ім з’явіўся зварот ад імя „менскіх падпольшчыкаў”.

Аўтары звяртаюцца да аб’яднаных штабоў супраціву Беларусі, актывістаў мірнага пратэсту, адміністратараў „дваровых чатаў” і сілавікоў. Яны заяўляюць, што задача беларускага народа на сёння — „выжыць, прычым без страт людзей і тэрыторый, пазбягаючы ўдзелу ў любых войнах”. У гэтым, як мяркуюць аўтары звароту, беларусам не дапамогуць ні Лукашэнка, ні Расея, ні Захад, ні беларуская апазіцыя з дыяспарай.
У звароце гаворыцца, што створаны Аб’яднаны штаб не звязаны ні з апазіцыяй, ні з дзейнай уладай. Яго задачамі называюцца фармаванне шматузроўневага падполля, арганізацыя акцый і мер процідзеяння сілавым ведамствам. Таксама аўтары звароту кажуць пра такія задачы, як падрыхтоўка палявых камандзіраў, арганізацыя контрвыведкі, наладжванне міжнародных кантактаў. У перспектыве Аб’яднаны штаб, на іх думку, стане „будучым кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь на час пераходнага перыяду”.