Мікалай Аўтуховіч 13-ы дзень трымае „сухую галадоўку”



Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога вінавацяць у «тэрарызме», 13-ы дзень нічога не есць і не п’е. Сёння ранкам для яго ўзялі перадачу. Гэта значыць, што яго, імаверна, учора выпусцілі з карцару, дзе ён правёў тыдзень, паведамляе Свабода.

Аўтуховіч не заяўляў, што спыняе галадоўку, аднак, блізкія прасілі дасылаць яму ваду, сокі і мёд, каб вязень у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі. Інфармацыі, як адчувае сябе вязень, няма. Аднак вядома, што ўжо на 10-ы дзень галадоўкі ягоны стан рэзка пагоршыўся: стаў надта часты пульс, пачаліся моцныя болі і рэзі ў жываце. На наступны дзень палітвязень сказаў, што фізічна не можа сядзець на судовым паседжанні.

Мікалай Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваннем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці. У судзе аб’яўлены перапынак да панядзелка.