Мікалай Маслоўскі: У 4-мясцовай камеры сядзелі 16-18 чалавек
Тры гады таму пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы масава выйшлі на вуліцы, каб сказаць Лукашэнку, што ён прайграў. Людзі спадзяваліся, што чалавек, які сядзеў 26 гадоў у прэзідэнцкім крэсле і ўсім надакучыў, зразумее, што пара сыходзіць. Але сілавым метадам паўстанне было жорстка задушана.

З „Госцем Рацыі” блогерам Мікалаем Маслоўскім з Менску мы „вернуліся” ў 2020 год.
РР: Што вам асабліва ўрэзалася ў памяць з 2020 года?
– Урэзаліся ў памяць вочы і твары нашых беларусаў і беларусак 2020 года, тая энергія, якая была з намі ў той час. Але я разумею, што з 2021 года, можа з канца 2020 года, ужо энергіі гэтай не было. Рэжым стаў іншы, больш злосны, больш карніцкі. Потым гэтая вайна ва Украіне, што яшчэ дадало змен у палітыку, у наша жыццё. Я вельмі ўдзячны ўсім беларусам і беларускам 2020 года. Калі б не было гэтага нашага паўстання, гэтай рэвалюцыі справядлівасці, то зараз можа б і мы, якія з’ехалі ад гэтага рэжыму, ад гэтай турму рэжыму, мы б зараз былі, як і расейцы – без праў, без працы. Да нас бы ставіліся, калі б не было нашай рэвалюцыі, як да нейкіх злыдняў. Увесь свет пабачыў дзякуючы 2020 году, што беларусы супраць рэжыму і беларусы не раўняецца дыктатарскі рэжым, які катуе. Сёння 11 новых палітвязняў у Беларусі, на жаль сярод іх нават ёсць грамадзянін Польшчы.
РР: Вы пацярпелі ў 2020 годзе, калі хадзілі на акцыі?
– Так адбылося, што я правёў пару стрымаў са збору подпісаў каля Камароўкі. Мяне на першыя 15 сутак пасадзілі за першы стрым. Такі х стрымаў было некалькі. Прама на Акрэсціна далі яшчэ 15 сутак. Потым пасля першых сутак мяне адпусцілі і я нейкі месяц пабыў на волі. Перад самымі выбарамі мяне зноў пасадзілі.
РР: На колькі?
– Яшчэ 15 сутак сядзеў. Так адбылося, што я выйшаў толькі 17-га з турмы. Усе гэтыя выбары, усе выхады людзей на вуліцы, як маглі назіралі ў турме. Мы бачылі, што з’ехалі ахоўнікі, нас тады ўжо перавезлі ў Жодзіна. Мы бачылі, што гэтыя торбы, пакеты „растуць” каля сцяны. Людзі перадавалі прадукты, адзенне тым, хто сядзеў. Зразумела, што нікому гэта не аддавалі. У 4-меснай камеры сядзелі 16-18 чалавек. У туалет не пускалі. Гэта „накрывае”, калі гэта ўсё ўспамінаць.
РР: Але да вас ставіліся лепш, бо вы былі арыштаваныя да выбараў?
– Пайшлі пратэсты, пачалі завозіць у камеры цалкам сініх, збітыя былі хлопцы. Вельмі напужаныя, збітыя, не маглі рухацца, ляжалі ў 4-меснай камеры.
З „Госцем Рацыі” Мікалаем Маслоўскім размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя