Міхаіл Кірылюк: Беларусы, што пажадаюць вярнуцца ў Беларусь, могуць паўтарыць лёс Эміля Чэчкі
У Беларусі стаў вядомы склад камісіі, якая будзе вызначаць лёс «збеглых» беларусаў. У ім акрамя большасці прадстаўнікоў дзяржаўнай прапаганды, старшыні КДБ ды Следчага камітэту, пералічаны і старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакоў. Склад камісіі пракаментаваў экс-адвакат, адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве Міхаіл Кірылюк.

– Што можна сказаць пра адваката, кіраўніка калегіі, які нічога не сказаў на тэму, калі судзілі людзей ні за што, па палітычных матывах. Што можна сказаць пра кіраўніцтва калегіі адвакатаў, якія выганяюць адвакатаў за палітычныя справы. Калі ты паедзеш у Беларусь і звернешся ў гэтую камісію, па сутнасці ты павінен усведамляць, што табе прыйдзецца пайсці шляхам Васкрасенскага, Пратасевіча, стаць такой медыйнай фігурай на карысць рэжыму Лукашэнкі. Або як Эміль Чэчка, які таксама дазваляў выкарыстоўваць сябе ў вельмі благіх мэтах, і дрэнна ягоны лёс скончыўся.
Як вядома, дэзерцір Эміль Чэчка, які перабраўся з Польшчы на беларускі бок і апавядаў дзяржаўным тэлеканалам пра «зверствы польскіх памежнікаў» у дачыненні да мігрантаў, быў знойдзены 17 сакавіка 2022 года павешаным у кватэры ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя